Музычнаму роду няма пераводу

Баяніста Анатоля Саенку на канцэртах, якія праходзяць у горадзе падчас розных свят, гледачы заўжды сустракаюць дружнымі апладысментамі. Яго віртуознае валоданне музычным інструментам і цікавае выкананне розных кампазіцый, проста не могуць не зачараваць. З першых хвілін, як пачынае гучаць баян, разумееш, што на сцэне сапраўдны талент.

Анатоль Саенка, адзін з тых самародкаў-палешукоў, хто нават і музычную школу не наведваў. Але ж стаў сапраўдным музыкай, якога ведаюць нават і па-за мяжой раёна. Любоў да музыкі яму прывіў бацька, а таму у свой час – ягоны бацька. Так і склалася дынастыя.

У маленстве паспрабаваў першы раз націскаць басы – атрымалася. Прабегся па чорна-белых кнопках – і праз дзесяць хвілін ужо стала нешта атрымлівацца. А паколькі слых у яго цудоўны, то ўжо праз некалькі дзён мог сыграць дзесятак песен.

Музычныя здольнасці хлопчыка не маглі застацца незаўважанымі. Дванадцацігадовы Анатоль крок за крокам асвойваў інструмент. Аднак на гэтым не супыніўся. Бо, як кажуць, калі Бог надзяліў талентам, яго нельга хаваць. Потым ён добра вывучыў гармонік і нават акардэон. Гэта было каханне, прызнаецца музыка.

– Займацца мяне не прымушалі, – гаворыц Анатоль. – Сам з захапленнем стараўся разбіраць усё новыя і новыя мелодыі. Пры гэтым не саромеўся выступаць перад гледачамі, і мяне заўважылі.

Нават на працу ўзялі ў якасці акампаніятара ў Дзедаўскі сельскі клуб. Анатоль Саенка спраўна хадзіў на рэпетыцыі з роднай Вільчы, а гэта  13 кіламетраў. Вось так музыка не адпускала юнака, і за гэта цяпер вельмі ўдзячны лёсу.

Нават, калі стаў вучыцца ў Людзяневіцкай школе, адразу накіраваўся ў мясцовы цэнтр культуры. Талент яго ацанілі і ў дзявятым класе запрасілі на работу ў аўтаклуб. Загадчыца аддзела па абслугоўванні насельніцтва Любоў Феакцістава стала тым чалавекам, які  і зарыентаваў хлопца ў выбары будучага жыццёвага шляху. Акрамя музыкі юнак захапіўся і песнямі. Тут сваю ролю адыграла бабуля. Разам з ёй будучы артыст вывучаў народныя спевы.

На якіх толькі сцэнах не даводзілася выступаць Анатолю Саенку! Яго музычнаму таленту апладзіравалі гледачы ў Мінску і розных гарадах Беларусі. Яго спевы і гармонік гучалі ў расійскім горадзе Фацеж, што ў Курскай вобласці.

У рэпертуары баяніста – класічныя і народныя творы. Аўтэнтычныя песні не раз прыносілі Анатолю перамогу на конкурсах і фестывалях. Кожнае з яго выступленняў успрымаецца гледачамі “на біс”. Музыкант сваім хуткім пераборам клавіш баяна так запальвае публіку, што ў зале не застаецца раўнадушных. Але для самога Анатоля кожны выхад на сцэну, як прызнаецца ён, заўжды нібы першы раз.

– Выходзячы да гледача, вельмі хвалююся, гэта дапамагае сканцэнтравацца, – прызнаецца цяпер ужо кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Сваты».

Яго жонка Алеся таксама творчы чалавек. Яна настаўніца  Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў імя У.І. Будніка. Старэйшы сын таксама абраў музычную сцежку. Пад кіраўніцтвам матулі вывучае акардэон. А калі і малодшы вырашыць паспрабаваць сябе ў музыцы, бацькі будуць толькі радыя. Тады ўжо дакладна музычнаму роду не будзе пераводу.

 

Аляксандр УЛАДЗІМІРАЎ, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.