Алена Серада расказала пра сапраўдны смак беларускага Палесся

Які ён, дакладна ведае гаспадыня харчэўні «Палюшкі», майстар беларускай кухні, блогер і цудоўная жанчына тураýчанка Алена Серада.

Калейдаскоп цяжкасцяў, падкінуты некалі лёсам, прывёў яе да адкрыцця кулінарнага таленту, ды такога, што ведаюць яго далёка за межамі краіны.

Ужо з вуліцы дом падказвае – тут усё па-сапраўднаму. У аўтэнтычным беларускім стылі ý «Палюшках» мэбля, посуд, дэкор, вялізная печ пасярэдзіне. Дарэчы, муж Алены Іван сам робіць драўляныя рэчы ў хаце, што з’яўляецца неадменнай разыначкай харчэўні. А прылады (ciта, посцiлкi, калаýрот, жбаны i iнш.) – цэлая сямейная гісторыя, якая перадавалася праз не адно пакаленне.

– Беларусы не бульбашы, яны – бацвіннікі, – вывучыўшы ў свой час нямала літаратуры і паразмаўляўшы з рознымі людзьмі, прыйшла да высновы гаспадыня сядзібы. – Нашы продкі харчаваліся крупамі, ягадамі, грыбамі і рыбай. Рыхтавалі стравы з лебяды і крапівы, напрыклад, баршчы з крапівы з просам, са шчаўем на шчупаковых галовах, сушаную на саломе ў печы рыбу. З жэраха рабілі салёную кансерву, атрымлівалася смачней за заморскі селядзец. Яшчэ сюды можна аднесці супы на сушанай рыбе. З-за доўгага прыгатавання не скажаш зусім, з чаго гэтая страва зроблена.  Таксама беларусы елi супы на белых карэннях, але гэта характэрна для багацейшых людзей. З тапінамбура варылі сіроп. А наяўнасць у кожнай сям’і каровы дазваляла харчавацца малочнымі прадуктамі.

Напрыклад, у Хлупіне, Перарове і Хваенску гаспадынi начынялі рыбу просам. У іншых вёсках – пярлоўкай, змяшанай са смажанымі грыбамі і гароднінай.

– Не пагаджуся, што дранікі – нацыянальная ежа беларусаў, – дзеліцца меркаваннем знаýца мясцовай кухнi. – Наша традыцыйная палеская страва – фаршыраваная рачная рыба, да прыкладу, лешч.

Менавiта яе сваім гасцям i прапануе Алена Браніславаўна. Ніколі яшчэ не пралічылася, едакi заўсёды застаюцца задаволенымі, забываючыся пра дранікi.

Геаграфія наведвальнiкаў «Палюшак» – ад Мексікі да Аўстраліі. Усе жадаюць акунуцца ў сапраўдную палескую атмасферу. А аднойчы госці з Італіі елі мачанку так, што вылізалі талеркі і не маглі наталiцца яе смакам. Часцей за ўсё, па прызнанні гаспадыні, у харчэýнi заказваюць боршч, фаршыраваную рыбу і цэпеліны.

Алена Браніславаўна гатуе свае стравы выключна ў печы, якую распальвае з самай раніцы. Пакуль печ гарыць – варыць, калі вуголлi тлеюць – пячэ, а напаследак – выпякае.

Усе інгрэдыенты натуральныя, таму і смак атрымліваецца спрадвечна беларускім. Гаспадыня робіць свае саленні, варэнні, наліўкі і ўзвары. У сезон нарыхтоўвае травы і сухафрукты. Падчас нашай сустрэчы ý доме сушыліся грушы і мята. Водар стаяў неiмаверны. Сапраўдная сялянская тэрапія.

Алена можа гасцей не толькі накарміць, але і пацешыць. Напрыклад, майстар-класам. Яны самі замесяць цеста на заквасцы, якую  гаспадыня робiць уласнаручна, і спякуць духмяны хлеб. А пакуль ён будзе гатавацца, можна паляжаць на цёплай печы. I пасля прагуляцца па старажытным горадзе і падыхаць чыстым палескім паветрам.

 

Елізавета ПАЛЯНСКАЯ, фота з архіва Алены Серады

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.