Жыткавічы разам з усёй Беларуссю святкуюць 79-ую мірную вясну
Нам 41-ы не забыць, нам 45-ы вечна славіць Жыткавічы разам з усёй Беларуссю святкуюць 79-ую мірную вясну.
Па галоўнай вуліцы парадам
Сотні гараджан сабраліся сёння разам, каб аддаць даніну памяці тым, хто падараваў нам чыстае неба над галавой і шчаслівую будучыню. Дзевятага мая нас аб’ядноўвае гонар за гераічнае мінулае, жалоба па мільёнах ахвяр і вялікая радасць урачыстасці.
Дзесяць гадзін раніцы. Святочная калона прадстаўнікоў ўлады, дэпутатаў, членаў працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў начынае рух на вуліцы Карла Маркса. Сімвалічна, што ўзначальвае яе моладзь. У першых шэрагах самыя юныя нашчадкі вызваліцеляў – дашкольнікі, за якімі маршам крочыць аркестр барабаншчыц. Следам вучні нясуць партрэты сваіх продкаў.
— Для мяне вялікі гонар удзельнічаць ў такім парадзе, — з гонарам кажа гімназістка Аляксандра Старажэнка, прыціскаючы здымак прапрадзеда Міхаіла Купрацэвіча. – У нашай сям’і беражліва захоўваецца гісторыя продкаў.
Жыткаўчанка Алена Байгола прыйшла на свята з сынамі Раманам і Сашам. Жанчына лічыць, што 9 Мая сапраўды народнае свята, якое дорага кожнаму чалавеку. Варта паказваць дзецям, што беларусы патрыёты.
Яркія промні сонца і знаёмыя з дзяцінства мелодыі падкрэсліваюць важнасць падзеі. Чалавечая рака плыве да месца галоўнай дзеі. Каля помніка загінуўшым чырвонаармейцам і партызанам пачынаецца мітынг.
— Вялікая Айчынная стала цяжкім іспытам для ўсяго Савецкага Саюза і наша краіна не выключэнне, — нагадаў, выступаючы перад землякамі, старшыня райвыканкама Мікалай П’яўко. – Яна ўвайшла ў кожны дом, у кожную сям’ю, стала агульным горам і агульным подзвігам. У кожнага была свая лінія фрону – на перадавой пад агнём ворага, у партызанскім атрадзе і падполлі, у глубокім тыле каля завадского станка. Вайна пакінула свой след і на Жыткаўшчыне. Поўнасцю ці часткова фашысты спалілі 74 населеныя пункты, дзевяць з іх – разам з жыхарамі. Ад рук карнікаў загінулі 5285 чалавек. Амаль 900 маладых людзей трапілі на прымусовыя работы ў Германію. Беларусь ніколі не была прыгнятальнікам іншых народаў, не вяла захопніцкіх войнаў Мы не прыходзілі ў чужыя дзяржавы з мячом і агнём. Але і сваю зямлю на зневажанне не аддавалі, — падкрэсліў кіраўнік раёна і павіншаваў удзельнікаў урачыстасці з Вялікай Перамогай, заклікаўшы шанаваць памяць пра мінулае і садзейнічаць зберажэнню міру.
— Нізкі паклон вам, ветэраны і працаўнікі тылу, за вашу мужнасць і стойкасць, адвагу і подзвіг ў імя жыцця, — звонка гучаць з трыбуны пранікнённыя словы гімназіста Кірыла Рагавога. – Мы, маладое пакаленне, з удзячнасцю будзем помніць ваш вялікі ўклад у вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Хвіліна маўчання, як даніна павагі. І удзячныя патомкі нясуць жывыя кветкі да падножжа манумента.
Дзевяць яблынь
Пасля мітынгу ў скверы Здароўя кіраўніцтва райвыканкама сумесна з членамі савета ветэранаў і прадстаўнікамі грамадскасці пасадзілі пладовыя дрэвы. Дзевяць яблынь, якія прывезлі з ААТ “Тураўшчына”, нагадваюць пра свяшчэнную дату. Кветка гэтага дрэва стала сімвалам новых мірных перамог суверэннай Беларусі, што адлюстравана ў бутаньерцы, якая ўпрыгожвае грудзі суайчыннікаў 9 Мая.
Пад мірным небам
Дзень Перамогі – галоўнае свята краіны і ўсіх пакаленняў. Колькі бы часу не мінула, мы будзем вяртацца да падзей 1945 года і захоўваць гісторыю мужнасці народа, які выратаваў свет ад фашызму. Такім лейтматывам быў прасякнуты святочны канцэрт, што пасля мітынгу прайшоў у амфітэатры. На сцэне новую праграму, у якой аб’ядналіся ваенныя шлягеры і сучасныя кампазіцыі, прэзентавалі самадзеныя артысты розных узростаў.
На алеях парка імя Міколы Гамолкі разгарнуліся тэматычныя выставы, падрыхтаваныя ўстановамі адукацыі і культуры. Нямала людзей назіралася ля прэзентацыйнай пляцоўкі сіл спецаперацый. Спадабалася яна і шасцікласніку Івану Гарошку, які захапляецца тэмай зброі. Патрымаць пісталет ці аўтамат, паслухаць ваенных юнаку заўжды цікава.
Фотазоны, кафэ пад адкрытым небам, палявая кухня, фантан, гульнявыя лакацыі, цір, музыка. Было што пабачыць, і ў чым паўдзельнічаць. Наперадзе яшчэ вячэрняя праграма, фінальнай кропкая якой стане сумеснае выкананне хіта “День Победы” і яркі фейерверк у гонар вызваліцеляў.