«Не прадаюць тут хаты бацькоў». Как сегодня живёт деревня Пуховичи
Буйнай зелянінай садоў і ўзаранымі агародамі сустрэлі нас Пухавічы. Не раз прыходзілася чуць, што мясцовы люд – нацыя асаблівая. Зямляк земляку пры любой магчымасці абавязкова зробіць пратэкцыю, замовіць слова. Гісторыя мястэчка, што ляжыць за 30 кіламетраў ад райцэнтра, пачалася не менш за 400 гадоў таму. Што за людзі насяляюць гэты маляўнічы куток, дапамагла даведацца Ларыса Макарэвіч, спецыяліст Чырвоненскага сельсавета, у склад якога ўваходзіць згаданая вёска. Да мінулага снежня жанчына працавала культарганізатарам мясцовага клуба, таму пухаўцоў добра ведае.
З глыбіні стагоддзяў
Па дарозе прыгадваем старонкі летапісу. Перапіс 1897 года налічыў у Пухавічах 1027 жыхароў. У населеным пункце дзейнічалі царква, школа граматы, былі хлебазапасны магазін, тракцір і тры млыны-ветракі. Блізкасць возера абумоўлівала рыбны промысел. Ужо тады шчупакамі ды плоткамі тутэйшыя гандлявалі ў далёкіх і блізкіх гарадах. Кажуць, што за савецкім часам чырвоненская рыба адчыняла дзверы ў многія высокія кабінеты. Падчас калектывізацыі былі ўтвораны два калгасы. Апошні, пад назвай «Зара», перастаў існаваць у пачатку 2000-ых, калі ўзбуйнялі суседнюю гаспадарку – цяпер ААТ «Прыазёрскае-Агра».
Нямала гераічных старонак упісала ў гісторыю мясцовасці Вялікая Айчынная. У Пухавічах і бліжэйшых вёсках базіраваўся штаб партызанскага злучэння легендарнага Сідара Каўпака. Для забеспячэння народных мсціўцаў боепрыпасамі і іншымі рэчамі стварылі лядовы аэрадром. З-за фронту цэлы месяц на возеры прымалі транспартныя самалёты. Даставіўшы грузы, назад крылатыя машыны забіралі параненых. У Маскву ўдалося вывезці больш за 300 байцоў.
На сціплым абеліску высечаны імёны вяскоўцаў, што загінулі ад рук фашыстаў. А на другой пліце надпіс: «На льду озера Червоное с 3 января по 3 февраля 1943 года действовал партизанский аэродром для связи с Большой землёй».
Шануюць радзіму сваю
Другі дэмаграфічны ўздым вёскі прыпаў на 1950-1960 гады, калі колькасць насельніцтва зноў перасягнула тысячу чалавек. Але і сёння Пухавічы, дзе засталося 380 жыхароў, нельга назваць бесперспектыўнымі. Па словах майго экскурсавода Ларысы Адамаўны, нашчадкі не кідаюць селішчы родзічаў, даглядаюць хаты, выкарыстоўваючы іх як дачы, сеюць агароды. На адным нават бачылі ладную плантацыю буякоў. Тут імкнуцца захоўваць памяць пра мінулае. Пару гадоў таму па ініцыятыве пухаўца Віктара Купрацэвіча, тады дырэктара торфабрыкетнага завода, у цэнтры мястэчка ўзвялі прыгожую капліцу, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Колісь на гэтым месцы спачатку стаяла царква, а потым – школьныя пабудовы.
– Пасля вайны вучыліся ва ўцалелых ад фашысцкага агню хатах, – прыгадвае старэйшы мужчына вёскі Генадзь Шараевіч. Па пашпарту былому калгаснаму шафёру ў чэрвені споўніцца 88 гадоў, а на самой справе – усе дзевяноста. – У класе было 37 чалавек, з якіх засталося ўсяго трое. Некалі дзед адзін праўду казаў: «Хоць жызнь была цяжолая і бедная, толькі ж, яна, праклятая, прабяжала як учора».
На свой лёс вясковы аптыміст не скардзіцца. Яго род працягваюць трое дзяцей, восем унукаў-хлопцаў і 11 праўнукаў. З Дар’яй Пятроўнай Генадзь Трафімавіч поплеч шэсцьдзесят шосты год.
– Можа, каб драсаваў, то лепшая была б, – кідаючы хітры позірк на жонку, якая даўно прывыкла да мужавых жартачак, пенсіянер дзеліцца сакрэтам сямейнага шчасця. – Пасварыцца можам і счас, а руку нікагда не паднімаў. (Тут мы разумеем, што значыць «драсаваць»). Хто першы мірыцца? Я, канешне, – расплываюцца вусны бяззубай ўсмешкаю.
На развітанне Трцвіч расказаў легенду. Вакол Чырвонага было шмат птушак, пух якіх далёка высцілаў берагі. Так і стала гэтае месца называцца Пухавічамі.
У кожнага сваё шчасце
Занятасць мясцовым жыхарам, акрамя калгаса, даваў і рыбзавод. Тут гандлявалі не толькі жывымі «хвастамі», што лавілі ў возеры, а і кансерваванымі. Праўда, часцей закатывалі ў бляшанкі прывазную марскую рыбу. Пра гэта даведаліся ад 84-гадовай Ірыны Боган, якая шчыравала ў перапрацоўчым цэху. Да пенсіянеркі мы зайшлі, каб палюбавацца яе рукадзеллем.
– Сляпая, як цяцера, зрэнне мінус 12, а ўмудраюся кніжкі чытаць і вышываць, – фатаграфавацца Ірына Данілаўна адмовілася (нядаўна пахавала сына), а пра свае таленты распавяла.
Колькі рэчаў «распісала іголкай» жанчына за доўгае жыццё, можна музей адкрываць. А год таму даведалася пра алмазную вышыўку, падобную на мазаіку з бісеру. Паспрабавала і захапілася, усе пяць зробленых ікон раздала дзецям і ўнукам. Сабе пакінула толькі адну карціну, нацюрморт упрыгожвае сцяну над дзвярыма ў парадны пакой.
Сядзібу Галіны Аліфяровіч, загадчыцы МТК «Пухавічы», нельга абысці ўвагай. Шырокая лакіраваная лаўка пад цяністым навесам гасцінна запрашае прысесці. На агароджы з металапрофілю высяцца фігуркі дракончыкаў і паруснікаў, а на веснічках распусціліся каваныя ружы. Гэтая і іншая прыгажосць – справа рук гомельскага зяця Віктара, у якога такая ж, як і ў цешчы, творчая натура. За сеткай падаюць голас індыкі, усюды парадак і чысціня, кветкі. Для Галіны Уладзіміраўны, якая прыехала сюды па размеркаванні 45 гадоў назад, палеская вёска стала другой радзімай.
– Люблю сваю працу, – прызнаецца жанчына, – можа таму і на пенсію не спяшаюся. У нас добрыя людзі ў калектыве, адказныя. Доім на карову па 16 кілаграмаў малака. Для малой старэнькай фермы – добры вынік. А самая мая вялікая радасць – трое ўнучат.
Няхай прылятае буська
Кажуць, што пакуль у вёсцы ёсць школа, яна – жывая. На ўсе Пухавічы сёння 48 непаўналетніх. Буслінае гняздо на слупе каля хаты Сняжаны і Аляксандра Давідовічаў нібы падказвае, што тут знаходзіцца вялікая сям’я. Сужэнцы выхоўваюць пяцярых нашчадкаў ад трох да 14-ці гадоў.
– Малым на вёсцы раздолле і занятак ёсць, – гаспадыня паказвае на драўляныя скрыні побач з батутам, у якіх на яйках сядзяць куры. Гэта вотчына іх 12-гадовага «фермера» Стаса. – Лічу, што адно дзіця часта расце эгаістам. Нашыя з нараджэння вучацца сяброўству і падтрымцы.
Пакуль жонка сочыць за бытам, Алік зарабляе грошы на ТБЗ. Давідовічы маюць карову, каня, іншую жыўнасць, немалы ўчастак абрабляюць. З удзячнасцю прымаючы дзяржаўную падтрымку, усё ж найперш спадзяюцца на ўласныя сілы, каб паставіць на ногі двух сыноў і трох дачок. Пасля канікулаў збіраюцца пераязджаць у Жыткавічы, дзе пабудавалі кватэру, але дом свой кідаюць не плануюць.
– Зараз самае шчаслівае ўрэмя, спакойна і радасна. Адзінае, чаго не стае, здароўя, – гэта мы ўжо гутарым з Таццянай Шараевіч, якая 75 гадоў са сваіх 85-ці хадзіла ў мясцовы народны ансамбль «Пухаўчанка». Па нашай просьбе выканала шчымлівую песню пра жаночы лёс. – Памятаю, як маці з гнілой бульбы пякла чорныя, нібы мая спадніца, ладкі, як сеялі лён, каноплі, проса, а ўсю восень капалі калгасную бульбу. На працадзень выходзіла па 20 капеек. Але ж жылі ўсе дружна, стомы не чулі, можа таму, што былі маладымі…
Факты пра Пухавічы
- 57% насельніцтва ў працаздольным узросце.
- Тут трое дзяцей да года.
- Топ-3 мясцовых прозвішчаў: Купрацэвіч, Макарэвіч, Аліфяровіч.
- Апошні шлюб зарэгістраваны ў жніўні 2023 года.
- У вёсцы чатыры вуліцы і адзін завулак.
- Жывуць восем шматдзетных сем’яў.
Святлана Шакалян, фота аўтара