Адчуваюць сябе адказнымі за лёс Беларусі
Для вялікай групы навучэнцаў Жыткавіцкага дзяржаўнага каледжа сёняшні дзень стаў адметным. Юнакі і дзяўчаты набылі статус выбаршчыкаў, упершыню прыняўшы ўдзел у электаральнай кампаніі. На ўчастак №4, што знаходзіцца ў Доме культуры мікрараёна Жыткавічы-1, яны прыйшлі ў поўным складзе і добрым настроі. На выхадныя моладзь раз’едзецца з інтэрната дадому, таму вырашылі выканаць свой грамадзянскі абавязак датэрмінова.
— Канечне, чакаў гэтай падзеі, — кажа будучы механізатар, трэцякурснік Мікіта Кацарэнка. – Адчуваю сябе сапраўды дарослым, адказным за лёс Беларусі. Пра кандыдатаў даведаўся з лістовак, бачыў інфармацыю пра іх і ў сацыяльных сетках. Важна, каб дэпутат быў чалавекам, які здольны адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў і дзейнічаць на карысць дзяржавы.
Члены ўчастковай выбарчай камісіі расказалі, што ў спісах тут значыцца 24 чалавекі, якія галасуюць упершыню. Кожнаму маладому чалавеку яны ўручылі сімвалічны прэзент – падарункавае выданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пажадаўшы быць дастойнымі патрыётамі, паважаць законы і прымнажаць агульны дабрабыт.