Як на “Тураўшчыне” ідзе падрыхтоўка да сяўбы
У акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” падрыхтавана ўжо 80 працэнтаў тэхнікі, якая першай выходзіць у поле.
На мехдвары “Знаменка” самай буйной у раёне гаспадаркі пануе дзелавы рытм, з памяшканняў чуваць “металічныя” гукі. На вуліцы каля “Беларуса” завіхаюцца людзі. Івана Кажаноўскага з калегам засталі за здымам кола трактара. У сезон механізатар нарыхтоўвае корм, а на зіму пераходзіць на ўчастак шынамантажу.
— Тут, канечне, шэсць тысяч як летам на кукурузным сіласе не заробішь, — усміхаецца мужчына з 23-гадовым стажам, — але ж і працуешь не да 10 вечара і выхадныя па графіку. Умовы выдатныя, цёпла, гарачая вада рукі памыць ёсць, і чайнік з мікрахвалевай печчу таксама.
— Толькі здаецца, што зіма доўгая, — гэта мы ўжо знаёмімся са слесарам Сяргеем Санцом, які з напарнікам у майстэрні “лечыць” трактарны арганізм. — На самай справе час прыспешвае…
Так, выходзячы на сяўбу, аграрыям трэба быць упэўненымі, што машыны і механізмы не падвядуць. Для інжынера Аркадзя Раковіча гэта трэці рамонтны сезон. Выпускнік Горацкай сельгасакадэміі жыве ў Чырвонай Зорцы, па накіраванню вярнуўся ў свой раён, не выключае, што пасля адпрацоўкі тут і застанецца.
— Як правіла, механізатары самі займаюцца рамонтам сваіх агрэгатаў, — субяседнік тлумачыць, што ў чалавека большая матывацыя, калі ўласнымі рукамі перабраў вузлы і механізмы. — Так грошы застаюцца ў гаспадарцы, і людзі зарабіць могуць, калі не лянуюцца. За якасць работы прадугледжана прэмія.
Рамонт ААТ “Тураўшчына” вядзе на дзвюх мехдварах – у Знаменцы і Верасніцы. На абедзвюх пляцоўках ёсць такарны і сварачны ўчасткі, майстэрні. Пераважную колькасць тэхнікі ставяць на лінейку гатоўнасці ўласнымі сіламі. Агратэхсервісам даверылі лічаныя адзінкі найбольш складаных машын. Тэхніка ў большасці айчынная, таму запчасткі даступныя. Вялікіх праблем з іх набыццём няма.
— На гэтыя мэты з бюджэту выдзелена крыху больш за 90 тысяч рублёў, першы транш, — дае расклад галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Чорны. — Упор зараз робіцца на прывядзенне ў парадак плугоў, раскідвальнікаў угнаенняў, культыватараў і іншай тэхнікі, якая распачынае палявыя работы. План распісаны, усё ідзе па графіку.
Добрым падспор’ем да вясны стала набыццё з канвеера шасці трактароў МТЗ розных мадыфікацый. Яшчэ дзве адзінкі на падыходзе. Па словах Мікалая Чорнага, “Тураўшчына” таксама ўключана ў дзяржпраграму перааснашчэння парка перадпасяўных і некаторых іншых агрэгатаў. А гэта значыць, што сельгаспрадпрыемству патрабуюцца новыя механізатарскія кадры.
Глебаапрацоўчая нагрузка ў гаспадарцы немалая. Плошча пашні складае 7 тысяч гектараў. Зерневыя тут вырошчваюць азімыя, а ў яравым кліне пераважае гародніна і кармавая кукуруза.