Творчасць для душы

Наталлю Макарэвіч у Дуброве ведаюць, як адмысловую майстрыху. За якое рамяство не возмецца, усё выходзіць прыгожа і з густам.

Калі на яе падворку, што на цэнтральнай вуліцы аграгарадка, “вырасла” першая пальма з пластыкавых бутэлек, кожны вясковец лічыў абавязковым падзівіцца на такі цуд. Многія, ухваліўшы гаспадыню, дапамагалі збіраць тару на новыя падзелкі.

— Не магу сядзець без справы, — Наталля Адамаўна на двух “пасадах” — санітаркі на ФАПе і сацыяльнага работніка — заўжды знаходзіць час на занятак, які прыносіць задавальненне. — Трэба пастаянна нешта майстраваць, гэта заспакойвае і натхняе. Можна сказаць, творчасць — мае лекі для душы і адпачынак.

У яе руках “расцвітаюць” адмысловыя штучныя кветкі, атрымліваюцца ядомыя букеты, сувеніры з бісеру і рознага прыроднага матэрыялу. Назбіралася цэлая калекцыя вышытых карцін і ікон. Што цікавага выглядзіць у інтэрнэце, так і захварэе, пакуль не зробіць. І гэта пры наяўнасці хатняй гаспадаркі і агародаў. Яна, не шкадуючы, дорыць свае работы сябрам і родзічам.

Жанчына не абмяжоўваецца толькі інтэр’ерным упрыгожваннем. Каларытна выглядае і  прыдамавая тэрыторыя. Зараз яна зіхаціць навагоднімі агнямі. Заснулі да вясны  садовыя скульптуры. У цёплую пару года тут кветкавая вясёлка. Адных толькі руж — больш за тры дзясяткі кустоў. У двары нават дэкаратыўны басейн ёсць.

Услед за малымі архітэктурнымі формамі жыхарка Дубровы замахнулася на функцыянальныя рэчы. Улетку паклала ад брамкі да ганку цэментную дарожку, ды не куплёную, кожную плітку з арнаментам сама адлівала. Цяжкасці працэсу апраўдаў эксклюзіў, іншага такога тратуару ні ў каго больш няма.

Колькі сябе памятае, жанчына нечым захаплялася. У школе навучылася вязаць, ад мамы атрымала ўрокі вышывання, лялькам любіла ўборы рабіць. Рукадзелле паўплывала і на выбар прафесіі. Наташа стала краўцом, пазней вывучылася яшчэ і на цырульніка. Працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання да яго закрыцця. У субяседніцы дарослы сын Уладзіслаў і 10-гадовая дачка. Маша — маміна памочніца і творчы сааўтар. Муж Александр робіць у мясцовай гаспадарцы трактарыстам.

— Як ставіцца да майго хоббі? — жанчына ўсміхаецца. — Нешта новае заўважае хіба што падчас свайго водпуску. У яго прафесія такая — рана пайшоў, позна вярнуўся. Хаця, канечне, думаю, яму прыемна…

Доўгімі зімовымі вечарамі, управіўшыся з пяццю абслугоўваемымі бабулямі ды ўборкаю на ФАПе, перарабіўшы звычайныя хатнія справы, Наталля Адамаўна шукае ў сеціве свежыя ідэі. Энергія для новых здзяйсненняў як і творчыя планы ў яе не канчаюцца.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.