Як клапоцяцца ў арганізацыях Жыткаўшчыны пра ахову працы і бяспеку на вытворчасці
Як клапоцяцца ў арганізацыях Жыткаўшчыны пра ахову працы і бяспеку на вытворчасці, у гэтыя дні вывучаюць тэхнічныя інспектары абкама прафсаюза. З гэтай мэтай рэйдавыя мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх галінах народна-гаспадарчага комплексу рэгіёна. У адным з іх паўдзельнічаў і карэспандэнт раёнкі.
Спецыяліст абласной суполкі Анатоль Лапуць і начальнік аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Тукіна наведалі будоўлю жылога дома ў мікрараёне №10 райцэнтра. Гмах узводзіць ПМК-97. Як заўважыла Алена Анатольеўна, дзякуючы пастаянным рэйдам мабільнай групы тут ўдалося своечасова выявіць і выправіць многія недахопы ў дзейнасці па ахове працы. Толькі, як аказалася, мясцовыя спецыялісты слушна аднесліся не да ўсіх рэкамендацый. Убачыўшы тэхнічных інспектараў абкама прафсаюза, прарабу прыйшлося неадкладна прыбіраць з вытворчай тэрыторыі драўляную лесвіцу, зробленую з парушэннем правілаў аховы працы. Правяраючыя звярнулі ўвагу і на смецце, што паўсюдна было раскідана на аб’екце. Недапрацоўкі з бяспекай знайшліся і на вузле па прыгатаванні бетоннага раствору. У самой шматпавярхоўцы знаходзіліся падмосці без ахоўнай агароджы. Месцамі не былі абазначаны праёмы з перападамі вышынь. Ну і, канечне ж, самая застарэлая хвароба ўсіх будаўнікоў — працягнутыя па падлозе электрапровады ад падаўжальнікаў. А вось да “гонару” гаспадароў, на час перапынку работ яны адключылі ўвесь электраінструмент з разетак. Такое ў арганізацыях рэдка можна сустрэць. Азнаёміліся і з бытавымі ўмовамі будаўнікоў. Іх, па меркаванні тэхнічных інспектараў працы, неабходна паляпшаць.
— Вельмі важна, каб рабочыя, якія знаходзяцца ў любое надвор’е пастаянна на вуліцы, маглі папіць чаю, перакусіць у цяпле і з камфортам, —зазначыў Анатоль Лапуць.
Хаця былі зроблены пэўныя заўвагі, але будоўля пакінула не самае горшае ўражанне ў плане стварэння бяспечных умоў для дзейнасці і быту работнікаў. Зразумела, пралікі пастараюцца выправіць. Асаблівае значэнне ў справе надавалася дзейнасці грамадскіх інспектараў.
— Нашая задача не толькі паказаць недахопы па ахове працы, — адзначыў Анатоль Мікалаевіч, — а дабіцца, каб іх на вытворчасці было як мага меней. Таму такія акцыі ў раёнах тэхнічныя інспектары абкама прафсаюза праводзяць пастаянна ў рамках Тыдняў нулявога траўматызму і месячнікаў па ахове працы.
Работа прафсаюзных інспектараў у раёне працягваецца. Акрамя маніторынгаў у арганізацыях, спецыялісты кансультуюць і даюць калегам практычныя парады на семінарах і ў прыватных гутарках па важнай тэматыцы.
Сяргей БЕЛКА