Незвычайнае падарожжа альбо палёт над родным краем
Конкурсная работа Ивана Кувика на I этап III областного конкурса для молодых журналистов и блогеров.
Кажуць, калі чалавек лятае ў сне, значыць, ён расце. Тады лагічна, што падлеткавы ўзрост – час самых працяжных палётаў. А калі ты яшчэ схільны марыць і падарожнічаць, то твае палёты не будуць мець аніякіх межаў.
Апошнім часам мне сніцца адзін і той жа сон: лятаю над роднай Жыткаўшчынай. Мяркую, гэта звязана з тым, што сёлета я пачаў падарожнічаць па розных кутках Жыткавіцкага раёна на ровары. У напрамку паўночнага захаду даязджаў да Людзяневіч, Дзедаўкі, Браніслава. На усходзе наведваў Дуброву, на поўдні — Азяраны, на заходнiм напрамку – Тураў.
Стаміўшыся за дзень, наглядзеўшыся на прыгажосць і хараство роднага краю, з лёгкім сэрцам засынаў, працягваючы свае вандроўкі ў начных палётах. Быццам крылле вырастала. Узнімаюся над горадам, аглядваю ўсё навокал. Вунь храм Феадосія Чарінігаўскага блішчыць залачонымі купаламі на ранішнім сонейку, за ім на дзіцячай пляцоўцы гуляюць бацькі з дзецьмі. Абноўлены будынак раённай паліклінікі… Узнімаюся вышэй. Цяпер увесь горад, як на далоні. Плошча з райвыканкамам, кінатэатр, парк імя славутага земляка Мікалая Гамолкі, помнікі загінуўшым у ВАВ, воінам-інтэрнацыяналістам, новенькі чыгуначны вакзал. За кінатэатрам высіцца гасцініца, якая мае сімвалічную назву “Чвэрць стагоддзя” – столькі яе будавалі. У бок рыбгаса “Чырвоная Зорка” разрастаецца новы мікрараён, адбіраючы крок за крокам тэрыторыю ў ляснога гушчара. Горад мяняецца на вачах. Адкрываюцца новыя прадпрыемствы, моладзь абжываецца ў новых кватэрах, робячы першыя крокі на шляху сталасці, уліваючыся ў раённую працоўную сям’ю.
Думкі просяць прасторы. Узнімаюся яшчэ вышэй, да аблокаў. Цяпер мой позірк чапляецца за блакітную стужку Прыпяці, што спрадвеку нясе свае воды праз Жыткаўшчыну. Рыбакі з усей краіны імкнуцца на яе берагі за добрым уловам.
За Прыпяццю, на беразе таксама старажытнага Струменю стаіць, адліты з бронзы, святы заступнік роднай зямлі Кірыла Тураўскі. Важна, па-гаспадарску азірае правторы навокал. Плывуць у паветры гукі званоў сабора святых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. За спіною святога Кірылы бачу шмат новенькіх аўтобусаў – гэта чарговая дэлегацыя прыехала да незвычайных крыжоў, што растуць з зямлі на мясцовых могілках. Людзі вераць, што крыжы гэтыя здольны лячыць.
Азіраюся навокал: палі, лугі, рэчкі, азярыны… Хараство! Палі калышуцца залатым морам збожжа. Падалося на момант, што адчуваю пах свежага бохана, як у вёсцы ў бабулі ўлетку, на канікулах. Зялёныя аксамітныя лугі бясконцымі дыванамі засцілаюць зямлю. Узгадалася, як аднойчы раніцаю з бацькам ішлі на Прыпяць з вудамі: басанож, па росным мурагу. Адчуў нават на момант, як засвярбелі ад прыемных успамінаў пяты. Прачнуўся.
Чаго толькі не прысніцца. Гэта ж трэба дажыцца, што і ўночы няма спакою ад гэтых вандровак. А ўсё ж такі, які прыожы наш край! Няма ў свеце лепшага месца, чым наша Жыткаўшчына! Абавязкова заўтра пабудую яшчэ адзін новы напрамак! Яшчэ раз праедуся по родных прасторах! Абы толькі ровар не падвёў…