Карп толькі элітны і адборны вырошчваюць у Жыткавіцкім раёне

 

У ААТ «Доследны рыбгас «Белае» ў гэтыя дні клопатаў шмат. Яно і нядзіўна, мясцовыя працаўнікі збіраюць з «блакітнай нівы» ўраджай.

– Працэс аблова сажалак даволі нялёгкі, – расказвае начальнік аховы гаспадаркі Васіль Блоцкі. – Толькі падцягнуць поўны невад да шлюзу вымушае ад рыбаводаў вялікай напругі.  Ды і цэлы дзень знаходзіцца ў халоднай вадзе таксама вялікай закалкі патрабуе і вынослівасці.

Што на сажалках пастаянна знаходзяцца ахоўнікі – выдаткі рыбаводчай справы. Не пераводзяцца сквапнікі, якія хочуць пажывіцца за кошт старання іншых. Вось спецыялісты і даюць па руках такім недобразычліўцам. Нядаўна, напрыклад, затрымалі аматараў лёгкай спажывы, якія імкнуліся вывезці з сажалак болей за сто кілаграмаў свежай рыбы.

Сапраўды, самааддачай мясцовых рыбаводаў можна ганарыцца. Асабліва пасля таго, калі ваочна бачыш іх старанні. На час наведвання акцыянернага таварыства яны вялі аблоў сажалкі Ніжняя цёмная. Работа спорылася. Пакуль рыбакі Мікалай Лісовіч і Аляксандр Пузенка падцягвалі невад, брыгадзір Барыс Сулкоўскі грунтоўна рыхтаваў шлюз да прыёму чарговай партыі рыбы. Па тым, як у бетонны склеп пачалі выскокваць рыбіны, стала зразумелым, што ўлоў даволі важкі. У пацверджанне гэтага члены брыгады дружна пачалі арудаваць сачкамі, імгненна вычэрпваючы буйныя экземпляры, памяшчаючы іх у спецыяльныя ёмістасці. Напаўнне адной, а гэта сотня і болей кілаграмаў, займала лічаныя хвіліны. Далей карпы, шчупакі, амуры кранам падымаліся на паверхню і перагружаліся ў цыстэрны для адвозкі на базу на сартыроўку.

У брыгадзе пяць чалавек. Касцяк яе складаюць мясцовыя рупліўцы, якія аддалі гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў. Ёсць і тыя, хто працуе па дагавору  найма. Для паспяховай дзейнасці рыбакі аснашчаны ўсім неабходным. Ім выдзелена дастаткова тэхнікі для вывазу прадукцыі. Таму і прастояў не надараецца. Паклапацілася кіраўніцтва гаспадаркі і пра гарачае харчаванне для працаўнікоў. Яго дастаўляюць непасрэдна на вытворчыя ўчасткі. Ёсць і бытоўкі, дзе можна абагрэцца ля печаў-буржуек.  Падчас вылаву пасадачнага матэрыялу будзе задзейнічана яшчэ адна рыбацкая арцель.

– Бачачы такую аддачу, душа радуецца, – гаворыць майстар участка Іван Гайкевіч. – Вырасла рыба вялікая. У гэтай сажалцы толькі элітная і адборная. А гэта азначае, што папрацавалі ўвесну і летам добра, мелі і кармоў больш. Вось і вынік адпаведны.

Дарэчы, элітным лічыцца карп, які важыць больш за кілаграм, а адборны – ад шасцісот грамаў да кілаграма. Вось такімі экземплярамі і напаўняўся рыбацкі невад з азначанай вышэй сажалкі.

– На маім вытворчым падраз-дзяленні чатыры сажалкі, у якіх вырошчваем таварную рыбу, – расказвае Іван Гайкевіч. – І на кожнай з іх неблагія паказчыкі. А гэта абнадзейвае, што планы выканаем паспяхова.

Усяго ў «Белым» мяркуюць сёлета ўзяць 657 тон карпоў, шчупакоў, таўсталобікаў і амураў, іншых відаў. З іх 410 тон таварных, астатняя колькасць – пасадачны матэрыял. Гэта больш чым летась. Ураджай сажалак сведчыць, абавязацельствы рэальныя. Радуе рыбаводаў і тое, што на іх прадукцыю маецца ўстойлівы попыт, таму і «плыве» яна не толькі ў зімавальныя сажалкі на захоўванне, але і на продаж у многія гарады краіны. А яшчэ і ва ўласны цэх на вэнджанне.

Пакуль жа штодня цягнуць поўныя невады рыбакі, тым самым мацуюць эканамічную састаўную гаспадаркі і закладваюць аснову для дзейнасці на будучы год.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.