Пасаду галоўнага агранома ў КСУПе “Коленскае” нядаўна заняла малады спецыяліст Іна Хомка
Выпускніца Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, вобразна кажучы, адразу акунулася з галавой у прафесію.
— Часу для раскачкі не было. Прыйшла ў гаспадарку ў самую гарачую пару, калі ўбіралі збажыну, — расказвае Іна Аляксандраўна. — Так і знаёмілася з палеткамі, на якіх давядзецца вырошчваць ураджаі.
Канечне, малады тэхнолаг палёў адразу ацаніў, каб атрымаць на бедных землях сельгаспрадпрыемства добрую аддачу, патрэбна прыкласці нямала высілкаў. Сёлетняе жніво гэтаму пераканаўчы доказ. Іна Аляксандраўна гатовая прымяніць на практыцы набытыя ў ВНУ веды. І гэты час самы спрыяльны для працоўнага сталення. Аграном праводзіць сваю першую пасяўную.
— Работы вядуцца поўным ходам, — гаворыць спецыяліст. — Пасеялі пад сотню гектараў азімага рапсу, вядзем падрыхтоўку глебы пад сяўбу азіміны, уносім угнаенні, выконваем іншыя агратэхнічныя прыёмы. Імкнуся, каб на кожным участку найперш забяспечвалася якасць. Толькі так можна вырасціць добры ўраджай. Дарэчы, яшчэ ж і кукурузу ўбраць неабходна.
Іне Аляксандраўне вельмі імпануе, што, нягледзячы на яе малады ўзрост, нават вопытныя механізатары ставяцца да дзяўчыны паважліва, прыслухоўваюцца да заўваг, імкнуцца не падвесці спецыяліста на пачатку працоўнага шляху. Безумоўна, што ў такой добразычлівай атмасферы і працуецца лягчэй, з’яўляецца ўпэўненасць — усё атрымаецца. Ды і сама Іна Аляксандраўна не цураецца парад больш сталых калег. Іх апека пастаянная. Гэта таксама дазваляе хутка ўнікаць у справу, аператыўна вырашаць многія пытанні.
Іна вырасла ў вёсцы Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Зразумела, што з сельскім укладам жыцця знаёмая з дзяцінства. Бацька, хаця цяпер ён лесавод, у свой час таксама не адзін год адпрацаваў у сельскай гаспадарцы. Такая акалічнасць у пэўнай ступені і дзяўчыну падштурхнула пайсці ў аграрную ўстанову.
— Ніколькі не шкадую аб тым, — разважае Іна Аляксандраўна. — Аграном — прафесія запатрабаваная. Ды і работа цікавая, хаця і напружаная, і даволі няпростая. Але ж першыя крокі ў ёй не расчаравалі.
У многім гэтаму пасадзейнічала і тое, як дзяўчыну прынялі ў КСУПе. Выплацілі пад’ёмныя, забяспечылі жыллём. Выдзелілі аднапакаёўку з усімі выгодамі. У ёй нават грубка маецца. У выпадку марознай зімы маладая гаспадыня самастойна можа ўзняць градус цеплыні ў памяшканні. А так ацяпленне цэнтралізаванае. На жаль, як прызнаецца спецыяліст, зараз мала часу на стварэнне большай утульнасці. На працы даводзіцца бываць часцей, чым дома. Але для маладога спецыяліста гэта не самае важнае пакуль, упэўнена, дойдуць рукі і да быту. Важней за ўсё ўжо на першых парах даказаць, што лёс звязала з вёскай па прызванні і зварочваць з абранага шляху не збіраецца. Вось з гэтым перакананнем Іна і засявае сваю першую ніву, каб у наступным годзе тая шчодра аддзячыла яе і калег ураджаем.
Сяргей Белка