У будаўнічай справе майстры

Дзясяты мікрараён райцэнтра, якім горад прырос літаральна за апошнія некалькі гадоў, з’яўляецца найяскравейшым прыкладам стваральнай працы жыткавіцкіх будаўнікоў.

Палова гмахаў, узведзеных у жылым масіве, — справа рук спецыялістаў унітарнага прадпрыемства «Жыткавіцкая перасоўная механізаваная калона №97» ААТ «Палессебуд». І зараз рабочыя арганізацыі старанна рупяцца над  яшчэ адной шматпавярхоўкай, навасёламі якой у хуткім часе стануць шэсцьдзясят сем’яў. На гэты аб’ект і наведаліся напярэдадні прафесійнага свята работнікаў галіны.

Будоўля  сустрэла звчычайным рытмам, які складваўся з гулу тэхнікі, лязгання механізмаў і воклічаў людзей. Але за ўсім гэтым праглядвалася дакладная арганізаванасць. Кожны чалавек, а іх шчыравала не меней за тры дзясяткі, і гэта без уліку вадзіцеляў, зваршчыкаў, кранаўшчыкоў, трак-тарыстаў, знаходзіўся на сваім месцы і сумленна выконваў ускладзеныя на яго абавязкі.

— У нас заўсёды так шумна, — тлумачыць галоўны інжынер ПМК Віктар Макарэвіч, якому выпала суправаджаць раёншчыкаў па аб’екту. — Да такога рытму мы даўно звыклі, бо што ні дзень, то новыя клопаты. Вось зараз аператыўна ўзводзім пляцоўку для мантажу вежавага крана. З такім механізмам больш танна весці работы на вышыні, чым выкарыстоўваць аўтамабільныя пад’ёмнікі.

Па ўсяму было відаць аб загадзя прынятым на гэты конт рашэнні. Усё ж некаторыя пад’езды дома выраслі больш як на два паверхі, а іх будзе пяць. Таму стараюцца муляры. Не спыняюць працы нават у неспрыяльнае надвор’е. Іх задзейнічана аж некалькі брыгад. Адной з іх кіруе Анатоль Шостак. У ёй спрактыкаваныя спецыялісты. Іншых і не будзе трымаць будаўнік са стажам, які прафесійна вырас ад памочніка муляра да брыгадзіра. І да падбору кадраў ён ставіцца даволі сур’ёзна. Мужчыны імгненна кладуць у сцену пададзеныя цагліны, раз-пораз правяраюць спецыяльным інструментам, каб не мелася хібаў і мур атрымліваўся роўным, нібы пад шнурок.

— Ад зладжанасці ў дзейнасці муляроў у многім залежаць тэмпы работ іншых спецыялістаў, — тлумачыць Віктар Сяргеевіч. — Мы ж  выконваем усё ў комплексе: узвялі сцены, адразу ставім перакрыцці, падводзім камунікацыі, вядзем атынкоўку. Так  што пакуль вырасце яшчэ паверх, папярэдні будзе практычна гатовым.

У гэтым давялося пераканацца падчас сустрэчы з брыгадай атынкоўшчыкаў, якой кіруе Таццяна Кузьміч. Пакуль мужчыны працавалі на вышыні, жанчыны — на першым паверсе.

— За змену у двух пакоях выраўніваем сцены, — расказвае самая бойкая з іх Святлана Шчур. — Пры добрым раскладзе нават цэлую кватэру можам абрабіць. Галоўнае, каб дождж не ішоў і матэрыялы былі.

Святлана Мікалаеўна ганарыцца тым, што працуе ў ПМК №97. Трыццаць восем гадоў аддадзена  калоне, таму справу ведае да тонкасцей, бо акрамя ўнутранных работ, на іх плячах і атынкоўка фасада.

— Калектыў у нас дружны, — уключылася ў размову і Наталля Марфуціна, будаўнік з адзінаццацігадовым стажам. — Пастаянна падтрымліваем адзін аднаго, таму і выпрацоўка высокая.

Дарэчы, спраўны спецыяліст і Таццяна Кузьміч. Нездарма ёй даверылі кіраваць такой вопытнай брыгадай. Усяго пяць гадоў у ПМК-97, але даказала, што на сваім месцы і любіць прафесію. Яскравае пацверджанне таго — імя Таццяны Аляксандраўны заносілася на раённую Дошку гонару.

Безумоўна, знаёмства з калектывам ПМК-97 дазволіла ў чарговы раз упэўніцца, што ім любая справа па плячы. Яны здольныя ўзвесці шматпавярховы гмах і збудаваць сучасны малочнатаварны комплекс, выканаць іншыя задачы дзеля працвітання нашага грамадства.

Зараз у перасоўнай калоне працуе 136 чалавек. Прычым, гэта спецыялісты як з нашага, так і суседніх  — Петрыкаўскага і Акцябрскага — раёнаў. Яны не толькі добрыя майстры, але і людзі, лёгкія на пад’ём. Апошняя якасць не меней важная ў дзейнасці калектыву, бо камандзіроўкі ніхто не адмяняў. Напрыклад, нямала спецыялістаў знаходзіцца ў Мазырскім раёне, дзе будуюць МТК у Вялікіх Зімовічах. Ёсць заказы і ў Петрыкаве, Жыткавічах. Адным словам, працы дастаткова, але, каб атрымаць яе, трэба старацца. І сакрэт тут адзін: належныя тэмпы, падмацаваныя добрай якасцю і адпаведна прымальным коштам.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.