Прыйсці і адпачыць
Як і раней жыткаўчане гэтую ўстанову называюць барам. Хаця там даўно вісіць новая шыльда, на якой англійскімі літарамі напісаны новы статус. Але гэтая акалічнасць ніколькі не паўплывала на папулярнасць кропкі грамадскага харчавання.
Ходзяць сюды і кампаніямі, і па адзіночцы, каб пакаштаваць розных заморскіх страў: бургераў, піцу, бульбу-фры, іншага фаст-фуду, выпіць кавы, газіроўкі, кактэляў і проста адпачыць за размовамі.
– Нічога не зробіш, павевы часу, – канстатуе гаспадыня установы Вікторыя Дземяновіч. – Таму і ў рабоце патрабуюцца перамены.
Вікторыя Іванаўна ў сістэме грамадскага харчавання раёна ўжо 23 гады. Ёй ёсць з чым параўноўваць. Дзякуючы прафесіяналізму і вопыту яна выдатна ўмее працаваць згодна з новымі патрабаваннямі. І піцу прыгатуе правільна, і кактэль заб’е, і падасць адмыслова.
– Канечне, прыйшлося асвоіць яшчэ некалькі прафесій, каб спраўляцца з абавязкамі, – дзеліцца сакрэтам Вікторыя Іванаўна. – Мы ж яшчэ і карпаратывы наладжваем, і харчаванне дзяцей у нас арганізавана, і многа іншага. У залежнасці ад гэтага і падыходы да кліентаў адпаведныя.
Работа ёй падабаецца. І не толькі за тое, што набывае на ёй новыя навыкі, але і ад стасункаў з людзьмі, якія і днём, і вечарам збіраюцца да яе на агеньчык, каб у прыемнай атмасферы правесці вольны час. Для гэтага гаспадыня стварае ўсе ўмовы.
Сяргей БЕЛКА
Фота Дар’і Лосевай