Патрыятычна, весела, дружна. Адзначаюць жыткаўчане Дзень Незалежнасці

З самага рання ў гарадскім парку імя Міколы Гамолкі пачалі працаваць розныя выставы і атракцыёны. Яны зрабілі адпачынак жыткаўчан у галоўнае свята краіны не толькі вясёлым, але і карысна-пазнавальным.

Кожная экспазіцыя характарызавала нацыянальныя адметнасці беларусаў. Шырока былі прадстаўлены палескія рамёствы. Смачна казытаў у носе пах дранікаў, якія выпякаліся прама на калодзе. Побач бурштынам адсвечвалі слоікі з мёдам. Прыгожыя ўзоры выводзілі рукі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткачых, вязальшчыц, разбяроў па дрэве і іншых.Многіх прываблівалі і нацыянальныя народныя строі. Прычым кожны, хто наведваўся ў горад рамеснікаў, мог сам паспрабаваць сябе ў творчасці.

Шмат выстаў нагадвалі аб гераізме беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У школьных перасоўных музеях-чамаданах — рэчы франтавікоў і партызан, іх узнагароды і лісты, фотаздымкі. І гэта невыпадкова, бо Дзень Незалежнасці краіны адзначаецца менавіта ў дату яе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў, якія прынеслі на нашу зямлю шмат бед і пакут. І гэта ў нашай памяці павінна захавацца навечна. Тым больш што ўпершыню ў сваёй гісторыі незалежнасць Беларусі адзначаецца з нотай смутку аб трагедыі і генацыдзе нацыі. Што вельмі яскрава было адлюстравана на стэндах работнікаў бібліятэкі.

Свой уклад у агульны настрой унеслі і супрацоўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і Дэпартамента аховы. Дзяцей і дарослых вабілі і атракцыёны. Гульні, малюнкі на асфальце, квэсты нікога не пакідалі раўнадушнымі. І канечне ж, гандлёвыя рады, дзе можна было пакаштаваць прысмакаў, наварыстай юшкі, шашлыкоў іншых страў. Да позняга вечара не сціхала бяседа ў гарадскім парку. Спевы самадзейных калектываў надавалі ёй высокі градус радасці. Безумоўна, гэта сведчыць аб адным – беларусы ганарацца, што жывуць у вольнай дзяржаве, пад мірным небам. Працуюць дзеля яе працвітання і ўласнага дабрабыту. Дзень незалежнасці ў чарговы раз прадэманстраваў еднасць народа і яго моц.

Не менш цікавым і змястоўным на патрыятычныя і народныя парывы стаў і канцэрт фіналістаў раённага вакальнага конкурсу “Песні маёй Радзімы”. Выступленні педагогаў, будаўнікоў, лесаводаў, дарожнікаў, прадстаўнікоў іншых галін гаспадарчага комплексу рэгіёна яскрава засведчыў, што багатая нашая зямля на таленты і яны маюць належную падтрымку.

Лепшыя песенныя сілы культустаноў раёна працягвалі радаваць гараджан і гасцей святочнай урачыстасці і далей. Нездарма ж кажуць, што песня жыць і будаваць дапамагае. І ў Дзень Незалежнасці Беларусі ў райцэнтры гэта праявілася найлепш.

Святкаванне працягвалася і вечарам. Праграма была не меней насычанай за дзённую і гэтак жа напоўненая патрыятычнымі пачуццямі за свой край.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.