У Жыткавіцкім лясгасе ў гэтыя дні дарослым актыўна дапамагаюць падлеткі

На прадпрыемстве ўжо працаўладкавалі тры студэнцкія атрады. Два з іх сваю дзейнасць распачалі нядаўна.

На работу ў Жыткавіцкае лясніцтва прынялі дзевяць хлопцаў і дзяўчат. Першы дзень самастойнай занятасці прайшоў у арганізацыйных клопатах, афармлялі дакументы,  знаёміліся з распарадкам, правіламі аховы і бяспекі працы. Справіліся з усім паспяхова, таму на другі дзень а дзявятай раніцы ўсе  прыбылі на месца з жаданнем пачаць выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Чакаць задання  моладзі доўга не прыйшлося. Майстар лесу Анатоль Пашук, прывітаў памочнікаў і хутка ўвёў іх у курс справы, акрэсліў план дзеянняў – сабраць смецце у масіве за мікрараёнам Азёрны.

—У лесаводаў зараз гарачая пара і на ўсё рук не хапае. Таму дапамога ў такі час заўсёды неабходная. Асабліва гэта тычыцца прыборкі масіваў. На жаль, не ўсе нашыя грамадзяне паважліва ставяцца да зялёнага сябра, таму адпачываючы пад шатамі дрэў, пакідаюць пасля сябе многа смецця. Ёсць тэрыторыі, дзе такі малюнак назіраецца пастаянна. І вашая задача – прыбрацьтакую мясціну, —нацэліў байцоў спецыяліст.

Пасля таго, як брыгадзе раздалі рабочыя рукавіцы, мяхі для смецця , яе даверылі таксама вопытнаму майстру леса Пятру Макарэвічу. Менавіта пад яго кіраўніцтвам атрад і прыступіў да працы.

—Яны хоць і старшакласнікі, але ж усё ж дзеці і пільны кантроль ніколі не зашкодзіць, —патлумачылі лесаводы. – Таму пад апекай дарослых будуць пастаянна. Важна, каб яны не толькі паспяхова спраўляліся з заданнямі, але яшчэ і не прычынілі ўрону свайму здароўю. Работа ў лесе, нават самая простая, тоіць нямала небяспекі.

Пашанцавала чарговаму студэнцкаму атраду не толькі з куратарамі, але і камандзірам. Яго даверылі ўзначаліць Ягенію Баранец.  Хаця дзяўчына ў такой ролі і першы раз, але ж досвед працы ў лесе мае вялікі. Яшчэ са школы яна дапамагала лесаводам. Не пакінула гэты занятак, калі паступіла ва ўніверсітэт. На канікулах заўсёды прыязджае на малую радзіму, каб на нейкі час уладкавацца ў лясгас і зарабіць нейкія грошы.

—Канечне, хочацца пэўнай фінансавай незалежнасці ў свае гады, — расказвае Яўгенія. – Зразумела, што калі ёсць магчымасць зарабіць, то ёю карыстаюся. Спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца, бо з некаторымі членамі фарміравання працавала летась. Ёсць і навічкі, але думаю, што і яны не падвядуць.

У ліку такіх Васіліна Галавач і Аніта Піліпенка. Дзяўчынкі трапілі ў атрад па ўласным жаданні.

—Мяркуем, што лёгка не будзе, таму чакаем падтрымкі ад больш вопытных таварышаў, —робяць выснову Васіліна і Аніта. – Хаця зарабіць уласныя гршы важна, але і новыя навыкі таксама лішнімі не стануць. У жыцці  спатрэбяцца.

—Зразумела, што работы чакае многа, — дадае і камандзір. – Ёсць даручэнні прасцейшыя, гэта збіраць смецце, прыводзіць у парадак лес. А ёсць і работа намнога цяжэйшая, напрыклад, праполка маладых насаджэнняў. Праўда, чатыры гадзіны працы, якія заканадаўствам адведзены падлеткам для дзейнасці, нікога моцна не высіляць

Пятнаццаць школьнікаў з Чырвоненскай СШ шчыруюць у Ляхавіцкім лясніцтве. І тут для падлеткаў знайшлося нямала работы.

Як бачна, студатрадаўскі рух у раёне набірае абароты. Яго курыруе райкам БРСМ.

—На цяперашні час ў нас задзейнічаны тры студэнцкія фарміраванні, — расказвае першы сакратар райкама грамадскага маладзёжнага аб’яднання Алена Козік. – Два  — у лясгасе,  і адно – у КУП “Жыткавіцкі камунальнік”.  У іх трыццаць маладых людзей. Асноўны клопат – добраўпарадкаванне.

І гэта толькі пачатак. Чакаецца, што, калі пачнецца ўборка і перапрацоўка ўрпаджаю, на дапамогу работнікам сельгаспрадпрыемстваў прыйдуць школьнікі.  Плануецца, што сёлета байцамі студатрадаў стане 180 юных жыхароў раёна.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.