У КСУПе “Коленскае” актыўна ўбіраюць травы першага ўкосу
Кормаздабываючы атрад гаспадаркі працуе з рання да позняга вечара. І гэта прыносіць плён.
Спякота, што ўсталявалася на дварэ, спрыяе мясцовым механізатарам весці работы шырокім фронтам і адначасова засмучае іх. Аб апошнім ёмка выказаўся Васіль Шакалян, які працуе на прасаванні сена:
— Пакрыўдзіліся на нас дажджы, таму і травастой сёлета вырас дробны. На ўзгорках увогуле месцамі расліннасць павыгарала. У мінулым годзе я на гэтых угоддзях выдаваў больш як па дваццаць тры рулоны ў дзень, зараз і паловы з гэтага не назбірваю. А тое, што свеціць сонейка, дык хутчэй прыбярэм першы ўкос і будзем спадзявацца на значна цяжэйшы другі.
Аб’ём работы ў аграрыя не на адзін дзень. На сена ў сельгаспрадпрыемстве накасілі больш як паўтары сотні гектараў. З гэтай задачай справіўся Мікалай Хільман. А Валянцін Ермаковіч на “Беларусу” з граблямі стараецца, каб валкі хутчэй падсыхалі. Адным словам за змену ў сховішча дастаўляецца некалькі дзясяткаў пахучага, нібы чай, сена.
Паралельна з гэтым відам работ ідзе і назапашванне сенажу. Ім закладваецца траншэя на руднянскай ферме. Зноў жа асноўная ўвага якасці, якая залежыць ад многіх фактараў. Траву пачынаюць здрабняць, калі ў ёй вільготнасці застаецца шэсцьдзясят і меней працэнтаў. За гэтым неаслабны кантроль вядзе брыгадзір Віктар Ахрамовіч. Таксама ён сочыць і за трамбоўкай масы, якая не спыняецца з пяці раніцы і да дванаццаці ночы. Гэтую аперацыю бесперапынна выконваюць Аляксандр Петрушкевіч і Леанід Голад. Пастаянна ў траншэі праводзяцца замеры вільготнасці і тэмпературы “зялёнкі”. Па словах спецыяліста, яна ў норме, а значыць, корм будзе якасным.
Каб вытрымліваліся тэрміны закладкі сенажу, стараюцца механізатары кормаздабываючых комплексаў Аляксандр Дрынеўскі і Мікалай Гулюта.
— Травастой няважны, але за дзень тон 120-150 выдаю, — расказвае Мікалай. — Плошчы, дзе развярнуцца, хапае: травы ў валкі паклаў Мікалай Хільман, а пастаянна іх падварушвае з граблямі Станіслаў Козел. Дастаткова тэхнікі і на адвозцы. Таму і прастояў не маецца.
Упэўнены старт коленскіх корманарыхтоўшчыкаў — вынік добрай арганізацыі работ на сенажацях, а таксама грунтоўнай падрыхтоўкі да кампаніі. Канечне, яшчэ толькі пакладзены пачатак, бо назапасіць для грамадскай жывёлы патрабуецца 1000 тон сена, 7700 сенажу і 14000 сіласу. Самае галоўнае, што ёсць з чаго. У гаспадарцы пасеялі 1198 гектараў кукурузы, 109 аднагадовых культур. Чакаюць механізатараў і поймавыя лугі. Няхай яны пакуль пад вадой, але ж тая хутка сыходзіць. Таму летам на натуральных сенакосах, якіх у КСУПе тысячу гектараў, спадзяюцца на добры травастой. Так, што будзе з чаго папоўніць кармавы запас.
Сяргей Белка