Схаваць сляды не ўдалося…

У народзе кажуць: лепей есці хлеб-соль ды свой. На жаль, да спрадвечнай мудрасці не прыслухалася спецыяліст аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Імкненне паправіць уласны дабрабыт за кошт гаспадаркі прывяло жанчыну на лаву падсудных.

На выяздное пасяджэнне раённага суда ў аграгарадку Кольна прыйшло нямала вяскоўцаў (калег іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, адказных за захаванасць давераных ім ТМК). Таму супрацоўніку пракуратуры Арцёму Грышчанку перад разглядам справы было каму нагадаць,  якімі непрыемнасцямі можа абярнуцца сквапнасць і злоўжыванне службовым становішчам для ўсіх, хто пазарыцца на чужое, асабліва грамадскае. Тым больш што прафілактыцы крадзяжоў у сферы АПК заўсёды надаецца вялікая ўвага з боку праваахоўнікаў. Толькі практыка паказвае: ахвотнікаў збудаваць сваё шчасце за чужы кошт сярод аграрыяў не змяншаецца. Але ж, так бы мовячы, колькі вяровачцы не віцца, а заканамерны канец — адказваць за свае супрацьзаконныя дзеянні — прыйдзе.

Спецыяліст гаспадаркі, які па сваіх службовых абавязках павінен быў берагчы грамадскае дабро, кантраляваць, каб яно рацыянальна расходавалася, паступіў наадварот. Падчас штомесячнага замеру рэшткаў дызельнага паліва, а было гэта ў канцы студзеня, яна выявіла яго ў цыстэрні на 330 літраў болей, чым павінна застацца. Эканоміяй матэрыялу вырашыла распарадзіцца па-свойму — прадаць. Знайшла пакупніка. Ім стаў вадзіцель бензавоза адной з гарадскіх арганізацый, які пастаянна завозіў ГЗМ у гаспадарку. Праўда, як вынікала з паказанняў спецыяліста, а потым і работніка, апошні не пагаджаўся на афёру, але жанчына ўгаварыла, матывуючы, што салярка гэта яе. «Выпісвала тэхніку для ўласных патрэб, але не скарысталася ёю. Вось і атрымаліся лішнія літры. Прападуць», — аргуменціравала запраўшчыца. Шафёр гэтаму паверыў і яны разам вырашылі праблему – у адзін з прывозаў на склад сельгаспрадпрыемства ён не зліў у ёмістасць акрэсленую колькасць «дызеля». Заплаціў за гэта чатырыста рублёў. Хаця па існуючых цэнах кошт паліва перавышаў сямсот рублёў.

Як паказаў далейшы ход падзей, лішкі аказаліся ўяўнымі. Каб замясці сляды злачынства, спецыяліст пачала мухляваць з дакументацыяй, уносіць у яе несапраўдныя дадзеныя. Толькі  гэта не дапамагло, а яшчэ больш пасадзейнічала суровасці пакарання. Яго пасля ўсіх судовых працэдур агучыла суддзя Ганна Чорная, пад старшынствам якой і прайшло пасяджэнне. З улікам чыстасардэчнага раскаяння, станоўчых характарыстык, пагашэння ўрону, нанесенага гаспадарцы, а таксама таго, што жанчына раней ніколі не канфліктавала з законам і не прыцягвалася да адказнасці, суд пастанавіў пазбавіць яе на два з паловай гады права займаць пасады, звязаныя  з захаваннем таварна-матэрыяльных каштоўнасцей і накласці на злаўмысніцу штраф у памеры 80  базавых велічынь. Канечне ж, хаця і пакінулі недобранадзейную работніцу на волі, але ж працу ў сельгаспрадпрыемстве яна страціла. Не застаўся без пакарання і вадзіцель. Куплены ім незаконна тавар канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Так, кожны фігурант крымінальнай справы атрымаў па заслугах, а публічнасць і адкрытасць працэсу, магчыма, стане добрым урокам іншым, хто блытае ўласную кішэню з дзяржаўнай.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.