Калектыў Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм сваю перспектыву бачыць у пастаянным нарошчванні аб’ёмаў
Вось і сёлета тут плануюць зарабіць шэсць з паловай мільёнаў рублёў, што ў параўнанні з мінулагоднім паказчыкам на 10 працэнтаў болей.
Вынікі дзейнасці меліяратараў Жыткавіцкага ПМС за пяць месяцаў сведчаць, што справіцца з задачамі ім па сілах. За студзень-май тут выканалі розных работ і аказалі паслуг больш як на тры мільёны рублёў, што складае 50,9 працэнта вызначанай на сёлета вытворчым заданнем сумы. Канечне, гэтыя грошы на меліяратараў, вобразна кажучы, з неба не зваліліся, а зароблены стараннай і плённай працай калектыву.
— Нашым спецыялістам даводзіцца шчыраваць на многіх аб’ектах, дзе праводзім рэканструкцыю і рамонт меліярацыйных сетак, — расказвае выконваючы абавязкі кіраўніка прадпрыемства Сяргей Ляшкевіч, — і гэта без уліку іншых паслуг, што аказваліся розным арганізацыям як у нашым раёне, так і за яго межамі.
Увогуле меліяратары — людзі, так бы мовіць, лёгкія на пад’ём. Раз’яздны характар работы для іх справа звычайная. Таму, калі ўзнікае неабходнасць, яны гатовыя знаходзіцца не па адным тыдні ў камандзіроўках. Ужо ў бягучым годзе надзейнае партнёрскае плячо работнікі нашага ПМС падставілі калегам з Рэчыцкага, Жлобінскага, Ельскага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельшчыны. Па словах Сяргея Ляшкевіча, заказы паступаюць і з іншых абласцей.
Тое, што спецыялістаў запрашаюць на дапамогу, сведчыць аб іх высокім прафесіяналізме, добрай тэхнічнай аснашчанасці. І такой высокай рэпутацыяй калектыў вельмі даражыць, бо менавіта яна дазваляе мець дадатковыя заказы, а значыць, і грошы за іх выкананне. Таму і не шкадуюць фінансаў на ўмацаванне і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі летась набылі тры аўтамабілі і экскаватары, сем трактароў і десяць касілак, іншыя механізмы. Сёлета парк папоўніўся яшчэ дзясяткам адзінак.
Разам з тым працаўнікі прадпрыемства не забываюць пра сваю галоўную задачу па тэхнічнаму догляду за меліярацыйнымі сістэмамі Жыткаўшчыны. Плошча асушаных земляў у рэгіёне даволі значная — амаль сорак тысяч гектараў, на 80,5% якой раскінуліся сельгасугоддзі гаспадарак. Таму асноўныя высілкі менавіта і накіраваны на тое, каб аддача меліярыраванага гектара не аслабла. Паспяхова здалі экзамен на прафесіяналізм вясной, калі ажыццявілі праз свае збудаванні пропуск павадкавых вод. Зараз актыўна ідуць рамонты, абкошванне каналаў. Абёмы гэтай працы выраслі ўдвая, хаця і летась паказчык атрымаўся ўнушальным — больш за паўтары тысячы кіламетраў. Планы па іншых пазіцыях таксама немалыя. Рэканструкцыя сістэм у ААТ “Людзяневічы”, на землях былога КСУПа “Чырвоны Бор”, якія арэндуе сялянская гаспадарка М.Р. Шруба і іншыя.
Несумненна, што паспяховая дзейнасць любога працоўнага калектыву залежыць ад многіх фактараў: умелага кіраўніцтва, прафесіяналізму спецыялістаў, стараннасці і адказнасці за даручаную справу рабочых і іншых. Скажам, што ў Жыткавіцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм усё гэта гарманічна спалучаецца, таму і калектыў вельмі знітаваны, здольны выканаць самыя складаныя задачы. Зараз накіроўвае ўсю дзейнасць падначаленых малады і энергічны Сяргей Ляшкевіч. Ужо трынаццаць гадоў ён у меліярацыі. Вобразна кажучы, у Жыткавіцкім ПМС прайшло яго прафесійнае сталенне. Гэта красамоўны доказ перспектывы росту для маладых кадраў, якія прыходзяць у ПМС. Сяргей Сцяпанавіч за пяць гадоў даслужыўся да галоўнага інжынера.
— Нашая сіла не толькі ў прафесіяналізме і любові да абранай прафесіі. Без апошняй якасці ў меліярацыі надоўга не затрымліваюцца, — разважае кіраўнік. — Таму робім усё, каб чалавек не адчуваў дыскамфорту, добра бачыў, што яго здольнасці і ўменні будуць належна ацэнены. Сам жа прайшоў гэтую школу.
Таму на прыканцы размовы з Сяргеем Сцяпанавічам традыцыйна запытаўся аб перспектывах прадпрыемства, якімі яны бачацца яму.
— Канечне, рэаліі нашага жыцця не настолькі аптымістычныя, як гэтага хацелася. Існуюць і ў нас праблемы, над вырашэннем якіх даводзіцца пастаянна працаваць, але вынікі надаюць упэўненасці, што дзень заўтрашні прадпрыемства будзе лепшым. І многае тут залежыць ад укладу кожнага прадстаўніка калектыву. Тым больш што ў дзяржаве апошнія гады шмат надаецца ўвагі адраджэнню асушаных земляў. Значыць, у нас будзе праца, а з ёю і дабрабыт, — упэўнена заявіў Сяргей Ляшкевіч.