У Жыткавічах распачалі падрыхтоўку да асфальтавання вуліцы Перамогі
Сёння спецыялісты ДБУ-21 распачалі асфальтаваць вуліцу Перамогі. Першы падрыхтоўчы этап даверылі правесці вопытнаму і спрактыкаванаму Уладзіміру Афоніну.
– Трыццаць гадоў на грэйдэры, – расказвае машыніст. – Давялося многа ў якіх гарадах пашчыраваць. Ды і ў райцэнтры гэта мой не першы аб’ект. Толькі ў апошні час рабіў аснову для асфальту на вуліцах Свабоды, Рабочай, Кірава, грэйдзіраванне на іншых. Зараз вось на Перамогі. Канечне, стан усіх артэрый даволі бядотны, яны ўсе ў ямах, на некаторых увогуле пакрыццё адсутнічала. Але аб усіх нязручнасцях пасля нашых высілкаў жыхары забываюць нібы пра страшны сон.
– Для нас вельмі важна закласці добры і трывалы падмурак пад укладку асфальта-бетоннай сумесі. Тады і пакрыццё паслужыць людзям даўжэй, – расказвае майстар Андрэй, для якога вуліца Перамогі з’яўляецца своеасаблівым экзаменам на прафесійную сталасць. – Усяго з месяц прыйшоў у арганізацыі, але падчас стажыроўкі многаму навучыўся… Ды і працаваць поплеч з такімі майстрамі як Уладзімір Мікалаевіч адно задавальненне. Ён сам каго хочаш навучыць і падкажа, што лепей зрабіць.
У дзень наведвання вуліцы тут актыўна вялося выраўніванне, дзе-нідзе падсыпаўся гравій. Пасля тэхнікай вывезлі ўвесь лішні грунт. Далей вуліцу Перамогі чакае падсыпка пясчана-шчабёначнай сумессю. І толькі тады, калі аснова стане роўнай, нібы стол, на праезджай частцы пакладуць асфальт.
Жыхары з разуменннем і радасцю ставяцца да старанняў будаўнікоў-дарожнікаў. Бачаць, што іх аўтамабілі на абочынах перашкаджаюць руху грэйдэра, неадкладна выбягаюць з дамоў, каб асвабадзіць дарогу спецыялізаванай машыне.
– Доўга мы чакалі гэтага моманту, – гаворыць мясцовая жыхарка Святлана Лазарчык. – Нават ужо і не спадзяваліся, што і на нашай вуліцы з’явіцца асфальт. Раней ён ляжаў толькі ў пачатку, а калі майго дома і далей – суцэльныя ямы і выбоіны, якія ў дождж запаўняліся вадою, а ў спёку ад пылу прадыхнуць было немагчыма. Стараліся падмасціць, але марна. Усё знікала неведама куды. Цяпер проста радуемся клопатам дарожнікам.
Падмеціла жанчына і яшчэ адну акалічнасць. Наколькі ўлада па-гаспадарску падышлі да справы. Перад тым, як на вуліцы з’явіліся дарожнікі, тут пашчыравалі спецыялісты газавай гаспадаркі, якія папярэдне праклалі свае камунікацыі да кожнай хаты.
Не прыхоўвае радасці ад таго, што адбываецца на вуліцы яго дзяцінства, і Сяргей Шум:
– Каля бацькоўскай хаты, як сябе памятаю, заўсёды стаяла вялікая лужына. Добра, калі вадзіцелі выхаваныя і збаўляюць хуткасць, а іншыя наадварот, стараюцца праскочыць водную перашкоду ў адзін мах, таму агароджу не раз даводзілася адмываць ад бруду. З новым асфальтам такая праблема знікне сама сабой. Увогуле прыемна, што ўлада нарэшце так сур’ёзна ўзялася за рашэнне набалелай праблемы. Прычым за невялікі перыяд не на адной, а адразу на некалькіх вуліцах.