Калі сумна, у госці запрашаем

Менавіта так загадчыца Беразінскага клуба-бібліятэкі Наталля Купрыяновіч вітае сваіх вяскоўцаў. І тыя не абыходзяць установу бокам.

– На любое свята ў нас заўсёды людна і весела, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – Імкнемся, каб было цікава і дарослым, і дзецям. Праводзім  агеньчыкі, вечары адпачынку, канцэрты, іншыя мерапрыемствы. Усе з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у свяце вёскі. Наведваюць людзі і бібліятэку. Зараз у маёй картатэцы пад сотню чытачоў. Хаця кніжны фонд невялікі, але блізкасць аналагічных устаноў райцэнтра і аграгарадка Людзяневічы даюць магчымасць знаёміць жыхароў з усімі навінкамі мастацкага і публіцыстычнага слова.

Гаспадыня ачага культуры, а ў Беразіне ён функцыяніруе аж з пачатку шасцідзясятых мінулага стагоддзя, падтрымлівае ў ім градус радасці і весялосці тры дзесяцігоддзі. Мясцовая ўражэнка добра ведае, чым прывабіць вяскоўцаў. З ёю дастаткова толькі паразмаўляць і добры настрой табе забяспечаны. Асаблівая ўвага ў працы з дзецьмі і пажылымі. Калі першыя, вобразна кажучы, і да ночы гатовыя сядзець у клубе і бібліятэцы, то апошнія ў сілу свайго здароўя такой магчымасці не маюць. І Наталля Купрыяновіч разам са старшынёй ветэранскай пярвічкі Людзяневіцкага сельсавета Валянцінай Касцюк абслугоўваюць такіх жыхароў прама дома. Павіншуюць са святамі, з юбілеем і кніжкі прынясуць з падарункамі. Бабулям і дзядулям такі клопат вельмі па душы, яны з нецярпеннем чакаюць сваіх артыстак. Дададзім, установа культуры ў Беразіне з’яўляецца не толькі цэнтрам духоўнасці паселішча, але і узорам добраўпарадкаванасці, бо дзякуючы намаганням калектыву з гэтым тут таксама ўсё добра.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.