Іван Касач з аграгарадка Ленін сведка фашысцкіх злачынстваў
Наведацца ў хату жыхара аграгарадка Ленін Івана Касача пракурора Жыткавіцкага раёна Ігара Арцёменку вымусілі службовыя абавязкі. Паспрыяў гэтаму і старшыня Ленінскага сельвыканкама Васіль Нямчэня.
Аналізуючы архіўныя дакументы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Ігар Анатольевіч засяродзіў увагу на справе ўраджэнца згаданага паселішча Б., які ў час фашысцкай акупацыі верна служыў гітлераўцам і ўчыніў шмат крывавых злачынстваў у дачыненні тутэйшага насельніцтва. Як устанавіла пракуратура ў ходзе праверкі абставін забойства гітлераўцамі Фёдара Касача, Іван Фёдаравіч, хаця яму на той час было толькі сем, добра памятае пра зверствы бургамістра пасёлка.
Дзіцячая памяць да драбніц захавала падзеі таго дня, 14 кастрычніка 1942 года, калі ў бацькоўскі дом уваліліся бургамістр з братам паліцэйскага Н. і чатыры варожыя салдаты. Дзе жыў Фёдар Касач, падказаў мясцовы халуй, які і прывёў карнікаў да хаты. Гаспадара па падазрэнні ў сувязі з партызанамі арыштавалі.
— Бацьку вывелі на двор у летняй вопратцы, скруцілі рукі дротам, укінулі ў машыну і павезлі да камендатуры гарнізона, — успамінае сведка. — Маці адразу пабегла да бургамістра за дапамогай, прасіла адпусціць мужа, каб яго не забілі, бо ні з якімі партызанамі ён сувязі не меў. Але да вайны ў мужчыны былі непрыязныя адносіны і бытавыя канфлікты з нямецкім прыхвастнем. Ён жорстка збіў жанчыну і сказаў, што яе гаспадара накіравалі на работы ў Старобін. Праз месяц вернецца.
Як распавёў пракурору Іван Касач, то была мана. Праз два дні маці даведалася ад жыхароў, што Фёдара разам з іншымі арыштаванымі пастралялі ля хутара Плечышча, які знаходзіўся ў чатырох кіламетрах ад пасёлка.
— Маці і дзядзька ноччу ўпотай раскапалі магілу і знайшлі трупы. Сярод іх быў і мой бацька. У яго кішэні нават пашпарт меўся. Такія дзеянні былі даволі небяспечныя, бо гітлераўцы маглі за гэта расстраляць, — завяршыў сумны аповед Іван Фёдаравіч.
Расказаў пажылы чалавек і пра абставіны знішчэння вёскі Ельна разам з жыхарамі. Калі яго сям’я даведалася аб гэтым, то з Леніна перабралася ў Грычынавічы. Потым жылі ў лесе, бо фашысты няшчадна і жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам, палілі паселішчы.
У архіўнай крымінальнай справе ленінскага бургамістра падрабязна апісваецца не толькі пра згаданае вышэй злачынства. На службу да немцаў ён паступіў па ўласнай волі ў 1941 годзе, верай і праўдай дапамагаў ворагу аж да 1944-га. У пасёлку гітлераўскі служака лютаваў вельмі моцна, каб дагадзіць новым гаспадарам. У прыватнасці, прымушаў землякоў ісці ў паліцыю, калі нехта адмаўляўся, адпраўляў на катаргу. Даказана, што бургамістр выгнаў у рабства 36 грамадзян, а іх маёмасць і жывёлу перадаў ворагу. Хаця, некаторыя і прымалі прапанову, бо фашысты сваім халуям добра плацілі і кармілі, а яшчэ і зброю выдавалі. Праўда, па словах Ігара Арцёменкі, усе яны за свае ганебныя ўчынкі панеслі заслужаныя пакаранні.
Не цураўся Б. рабаваць і нажыты скарб яўрэяў, якіх за гады ваеннай калацечы карнікі забілі больш за дзве з паловай тысячы. Восенню 1942 года Б. прымаў з гітлераўцамі ўдзел у аблаве на партызан. За падазрэнне ў сувязі з народнымі мсціўцамі бургамістр расправіўся з А. Шпакоўскім і А. Шэціловічам.
Кропку ў нікчэмным жыцці здрадніка пасля вайны паставіў суд. Нямецкага служку прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.
Аляксандр Кіцура