Цікавасць да жыцця і гонар за прагрэс

У свой час яны не маглі і марыць пра такі ўзровень вытворчасці, што ўкараняецца ў аграпрамысловым комплексе Жыткаўшчыны. Але ж аснова сёняшніх поспехаў закладвалася не без дзейснага ўдзелу гэтых людзей.

Аб’яднанне ветэранаў працы, кіраўнікоў мінулых гадоў аднавіла сваю дзейнасць пасля выкліканага пандэміяй перапынку з наведвання малочна-таварнога комплексу “Дзякавічы”. Перад выездам іх прывітаў старшыня райвыканкама Мікалай П’яўко, зрабіўшы невялікую справаздачу аб развіцці народна-гаспадарчага комплексу раёна. Жыткаўшчына па выніках мінулага года па шэрагу эканамічных паказчыкаў займае верхнія радкі абласнога рэйтынгу. Увогуле, па словах лідара рэгіёна, удалося палепшыць многія параметры, і цяпер стаіць задача замацавацца на дасягнутых рубяжах.

Удзельнікі сустрэчы скарысталіся магчымасцю задаць кіраўніку раённай вертыкалі хвалюючыя пытанні. Напрыклад, цікавіліся, калі адрамантуюць дарожнае пакрыццё на вуліцы Гагарына, чаму зніклі з продажу карасі, ці газіфіцыруюць Чырвоную Зорку, як трапіць на прыём да ўрача. Кожную ўзнятую праблему ён абяцаў вывучыць і даць адказ. Потым юбіляры месяца атрымалі ганаровыя граматы і букеты.

У Дзякавічах аўтобус сустрэў кіраўнік аднайменнай гаспадаркі Аляксандр Барышнікаў. Падчас экскурсіі, ён расказаў, што ферма, пабудаваная для развіцця ўласнай сыравіннай базы Тураўскага малочнага камбіната, разлічана на пяцітысячнае пагалоўе. Інвестыцыйны аб’ект пакуль не мае аналагаў у рэспубліцы. Тут выкарыстаны найноўшыя тэхналогіі. Жывёла, а зараз у хлявах сумарна стаіць чатыры тысячы асобін, з якіх 2400 — каровы галшцінскай пароды, утрымлівацца амаль па-каралеўску. Паўсюдна ўстаноўлены сістэмы клімат-кантролю, мерна гудуць вентылятары, святло рэгулююць спецыяльныя шторы. Камп’ютарызаваныя кормараздатчыкі на калёсах падобныя на тэхніку будучыні. Рацыёны строга збалансаваны па навуцы. Адсюль і паказчыкі. Штодня на МТФ атрымліваюць па 70 тон малака, маючы намер да канца 2023-га выйсці на паказчык ў 100 тон. Прадукцыя найвышэйшага гатунку – экстра – утрымлівае 4% тлушчу і 3,4% — бялка. Кожная карова ў сярэднім за год дала па 10,2 т. Надой сотні самых лепшых буронак перасягае 50 кг за дзень, а адна рэкардсменка здзіўляе аддачай у 76 (!) кг, лічы, амаль 8 вёдзер за суткі. Цёлкі дабаўляюць у вазе 850-900 г, добра расце і маладняк. Комплекс абслугоўваюць усяго 65 чалавек. Іхні заробак складае 2,200 рублёў.

Госці жыва цікавіліся вытворчым працэсам, умовамі працы калектыву, сацыяльнай адказнасцю бізнесу.

Развітваючыся, Аляксандр Ахрамовіч, лідар клуба ветэранаў-кіраўнікоў, падзячыў прымаючы бок за пазнавальную сустрэчу, а старшыні райвыканкама выказаў агульную ўдзячнасць за вялікую ўвагу да іх аб’яднання. Пакуль ехалі да Жыткавічаў, у салоне не сціхала размова. Убачанае прыемна ўразіла ўдзельнікаў мерапрыемства, якія не хавалі гонару за прагрэсіўнае развіццё роднага краю.

Да слова

Грамадская суполка аб’ядноўвае каля сарака пенсіянераў, якія ў свой час узначальвалі розныя структуры і калектывы раёна. Дэбютнае пасяджэнне адбылося 10 гадоў таму. Падобны клуб тады стаў першым у вобласці. Сустрэчы, мэта якіх уцягненне ветэранаў працы ў грамадскае жыццё, ладзяцца раз у квартал з наведваннем якога-небудзь прадпрыемства ці арганізацыі. У цёплай сяброўскай атмасферы яны абмяркоўваюць мінулае і час сёняшні, віншуюць таварышаў з юбілейнымі датамі, выказваюць прапановы па паляпшэнню жыццязабеспячэння горада і раёна. Карацей, застаюцца ў гушчыні падзей, не скараючыся гадам і абставінам.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.