Смак батона. Які ён?

Праблему ўзняў пенсіянер з Кажановічаў. Дзядуля паскардзіўся, што ў нашай аўталаўцы прадаюць няякасны хлеб. Наколькі абргунтаваным аказаўся яго зварот, праверыў карэспандэнт “НП”.

Аўтамагазін  на вуліцу Міра райцэнтра заязджае па панядзелках і пятніцах. Менавіта ў першы азначаны дзень і наведаліся да гандлёвай кропкі на колах.  У азначаны час, а гэта з дзевяці да дзесяці раніцы, машына з прадуктамі знаходзілася на вызначаным месцы. Пакупнікоў практычна няма, толькі адна маладая жанчына, якая ўжо разлічылася. Таму і батон для праверкі набылі хутка.  Прадавец Жанна Баран аказалася вельмі ветлівай. Перш чым працягнуць батон, сказала, што ён вытворчасці петрыкаўскіх хлебапёкаў, упакавала яго і падзякавала за пакупку. Увішнасць гаспадыні выязднога прылаўка можна было ацаніць і па выкладцы тавараў. Навідавоку не толькі хлебабулачныя вырабы, але і каўбасы, іншыя прадукты. Тавар раскладзены ідэальна на нязначнай плошчы фургона, таму  пакупнік усё бачыць. Толькі пасля таго, як раскрыліся, што я супрацоўнік рэдакцыі, спецыяліст распавяла пра ўласную дзейнасць.

— У Кажановічах маецца стацыянарны магазін, але па просьбе пінсіянераў заязджаем і сюды, — расказвае Жанна Баран. — Гэтай магчымасцю карыстаюцца не толькі пажылыя людзі, але і іншыя жыхары мікрараёна. Пасля яшчэ наведваемся ў дзясятак населеных пунктаў. Самы дальні — Вятчынская Рудня. Шчыравала і на іншых маршрутах. Тавар у нас заўсёды свежы і ў самым шырокім асартыменце. За чатырнаццаць гадоў работы пераканалася: насельніцтва чакае  толькі якасных паслугі і прадукты.

Што тычыцца купленага батона, то на спажывецкім ўзроўні яго ацанілі ў рэдакцыі. І варта сказаць, што нараканні пенсіянера аказаліся небеспадстаўнымі. Так, булка свежай, мяккай і смакавыя якасці  задаволілі. Хаця нараканняў хапіла. Найперш, неахайнасць формы, недапечанасцць унутры, глёўкасць, цвёрдая скарынка, значная колькасць крошак пры разразанні. Таму многія гаспадыні не выказалі жадання купіць  такі хлеб. Хаця і былі тыя, якія далі станоўчую ацэнку булцы.

Практыка паказвае, што ў жыткаўчан маецца нямала прэтэнзій да петрыкаўскіх хлебапёкаў. Для вырашэння праблемы падключыліся спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама. Днямі яны разам з вытворцамі аб’ехалі некалькі гандлёвых кропак, каб даведацца, чаму ж так ня любяць петрыкаўскі хлеб:

Кампетэнтна

— З улікам узросшай колькасці зваротаў ад насельніцтва і канкурэнцыі на нашым рынку мы адаслалі кіраўніцтву Петрыкаўскага філіяла Гомельскага абласнога спажывецкага таварыства два лісты, у якіх акрэслілі праблему, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Чарнагаловая. — Днямі адбылася сустрэча з прадстаўніком прадпрыемства. Сумесна з ім аб’ехалі некалькі гандлёвых кропак, выслухалі водгукі загадчыкаў магазінаў. Спецыяліст пагадзіўся, што пытанні  па якасці прадукту маюцца, назваў прычыны праблемы. Сярод іх паломка абсталявання і не вельмі высокай якасці сыравіна. Але недахопы паабяцаў ухіліць. Так, муку больш высокага гатунку ўжо закупілі ў іншага пастаўшчыка,  рамантуюць і абсталяванне. Таму ў хуткім часе прадукцыя петрыкаўскіх хлебапёкаў стане прывабнейшай. Са свайго боку мы таксама папрасілі, каб вытворцы пашырылі асартымент. Надалей будзем кантраляваць якасць хлеба — булачных вырабаў, якія рэалізуюцца ў нашых крамах.

 

Сяргей Белка

Фота Святланы СЯРГЕЕВАЙ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.