Паспяхова выступілі на абласным конкурсе прадстаўнікі фiлiялу ВУ “Жыткавічыгаз”

Паспяхова выступілі на абласным  конкурсе прафесійнага майстэрства  слесары па эксплуатацыі ўнутрыдамавога газавыкарыстоўваемага абсталявання фiлiялу ВУ “Жыткавічыгаз” РВУП «Гомельаблгаз» Аляксандр Давідовіч і  Павел Рубан.

Згаданыя спецыялісты  на спаборніцтве занялі другое месца сярод калег са структурных падраздзяленняў галіны вобласці.

Адстойваць гонар свайго ўпраўлення на такім саперніцтве Аляксандру Уладзіміравічу і Паўлу Аляксандравічу давялося не ўпершыню. Напрыклад, летась яны сталі на вобласці бронзавымі прызёрамі. Безумоўна, ехалі на змаганне  толькі з адной мэтай: палепшыць сваё ранейшае дасягненне. Ім гэта ўдалося. Хаця, як расказалі спецыялісты, было вельмі няпроста.

— Выступалі апошнімі, а гэта ў пэўнай ступені стварала нярвовае напружанне, дадавала хвалявання, таму прыходзілася прыкладваць немалыя высілкі, каб трымаць сябе ў руках, — дзеляцца ўражаннямі мужчыны. — Ды і заданні таксама лёгкімі не назавеш.  Падчас тэарэтычнай праверкі ведаў патрабавалася адказаць на дваццаць пяць пытанняў.  Заданні ўключалі не толькі азы прафесійнай падрыхтоўкі, але і тэхнікі бяспекі, аховы працы і іншае.

Здалі згаданы экзамен Давідовіч і Рубан паспяхова.

— Значна лягчэй было на практыцы, — распавядаюць слесары. — Тут, так бы мовіць, давялося дэманстраваць навыкі, якія прымяняеш у паўсядзённай дзейнасці. Таму ў адведзены нарматыў па абслугоўванні газавага катла і абсталявання ў доме ўклаліся. Работу выканалі без сучка і задзірынкі.

Канечне, поспеху жыткавіцкіх майстроў пасадзейнічаў іх даволі значны працоўны стаж. Аляксандр Уладзіміравіч мае за плячыма 13 гадоў службы ў газавай гаспадарцы раёна, а Павел Аляксандравіч — аж 26. Несумненна, што гэтыя перыяды былі напоўнены мноствам карысных спраў і такім жа імкненнем да пастаяннага самаўдасканалення майстэрства. Таму і перамога заканамерная. Хаця, як жартуюць работнікі, ёсць да чаго рухацца — яшчэ ж вышэйшая прыступка п’едэсталу не скарылася.

Увогуле, варта адзначыць, што кіраўніцтвам ВУ “Жыткавічыгаз” надаецца павышэнню кваліфікацыі кадраў першаступеннае значэнне. Для прыкладу, толькі летась прайшлі навучанне 153 чалавекі. Гэта спрыяе добрым вынікам у працы калектыву. Да таго ж і ахова яе забяспечваецца на высокім узроўні. У мінулым годзе на апошнія мэты выдаткавана 70 тысяч рублёў. Нездарма ВУ “Жыткавічыгаз” за работу па згаданаму накірунку па выніках агляду-конкурсу ў 2022 год увайшло ў групу лепшых структурных падраздзяленняў па ахове працы, прамысловай і пажарнай бяспецы РВУП “Гомельаблгаз”. Наш калектыў заняў трэцяе ганаровае месца. Відавочна, што, калі прафесіяналізм і бяспека стаяць поруч, тады і вытворчыя задачы вырашаюцца паспяхова.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.