Два буйныя праекты ў аграрнай галіне ажыццявілі на Жыткаўшчыне

Два буйныя праекты, якія ажыццявілі на Жыткаўшчыне ў аграрнай галіне пазалетась і ў мінулым годзе, дазволілі вяскоўцам значна палепшыць справы ў вытворчасці малака.

З увядзеннем у эксплуатацыю малочнатаварнага комплексу ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба, тут паказчыкі шпарка пайшлі ўгару. За 2022 год тутэйшыя працаўніцы надаілі амаль 18 тысяч тон малака, забяспечыўшы прыбаўку да 2021-га на 19,4 працэнта. Прадуктыўнасць адной каровы перавысіла дзесяць з паловай тоны. І сёлета малочная вытворчасць фермера ўзяла добры старт, аб чым сведчыць дзённы валавы надой – амаль шэсць дзясяткаў тон. Гэта прыкладна трэцяя частка агульнараённага здабытку.

Днямі глава гаспадаркі Міхаіл Шруб дзяліўся вопытам з калегамі-аграрыямі. На прайшоўшым семінары Міхаіл Рыгоравіч агучыў дасягненні працаўнікоў комплексаў, без утайкі расказаў пра асноўныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі. Асаблівы акцэнт зрабіў на рабоце па ўзнаўленню статка. Менавіта дзякуючы ёй у многім удалося павялічыць яго прадуктыўнасць да цяперашніх лічбаў і высокай эфектыўнасці. І гэта са звычайных цялушак, якіх купілі ў вяскоўцаў. Дарэчы, вырошчванне рамонтнага пагалоўя дазволіла сялянскай гаспадарцы без усялякіх пытанняў запоўніць не толькі свой новы МТК, а яшчэ і прадаць іншым сельгаспрадпрыемствам. Па праву гаспадарка з’яўляецца флагманам раёна не толькі па вытворчасці сырадою, але і ў племянной справе. У прыватнасці, летась фермер рэалізаваў перапрацоўшчыкам амаль 20 тысяч тон малака ў заліковай вазе. Рэнтабельнасць прадукцыі перавысіла 52 працэнты. Ды і ў мясной жывёлагадоўлі ўсё ладзіцца.

– Згодна з сусветнымі стандартамі, каб эфектыўна працаваць, на аднаго спецыяліста фермы неабходна атрымліваць за год не меней 250 тон малака. Нам удалося перавысіць гэты паказчык. Цяпер на 63 чалавекі, што працуюць у жывёлагадоўлі, маем больш як трыста тон, – падкрэсліў Міхаіл Шруб. – Прычым кожны з іх даволі салідна зарабляе, па гаспадарцы сярэдняя зарплата перавысіла дзве тысячы рублёў, а ў дадатак яшчэ і важкі сацыяльны пакет.

Закрануў Міхаіл Рыгоравіч у сваім выступленні і тэму кормавытворчасці. Па яго меркаванні, увесь дойны статак і іншая жывёла забяспечаны кармамі на два гады. Аснова рацыёна – сілас і дробленае зерне з кукурузы. Гэтая культура дае намнога большую аддачу, чым збажына. Навучыліся ў сялянскай гаспадарцы назапашваць і спажыўны корм з крыжакветных. Такія падыходы, калі на землях фермера атрымліваюць па два ўраджаі культур на кармавыя мэты, у сукупнасці са строгім балансаваннем рацыёнаў у залежнасці ад групы гадаванцаў, іх раздачай, прыносяць выдатны плён.

– Нашыя землі ў сваёй большасці не вызначаюцца высокай урадлівасцю, – заўважыў кіраўнік сялянскай гаспадаркі, – разам з тым, яны дазваляюць мець трывалую кармавую базу для жывёлагадоўлі, асабліва малочнага яе напрамку. Вялікае значэнне пры стварэнні кармавой базы мае і тэхнічны парк. У нас ён даволі моцны і дазваляе за дзень назапашваць больш як дзве тысячы тон фуражу, а значыць вытрымліваць тэхналагічныя параметры закладкі траншэй, што спрыяе высокай якасці корму.

Знаёмства з працай жывёлаводаў сялянскай гаспадаркі прадоўжылася на вытворчых аб’ектах. Калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў наведалі новы МТК. Прыемна было бачыць, наколькі рацыянальна выкарыстаны сродкі для ўзвядзення фабрыкі малака. Гэта дазволіла стварыць на комплексе добрыя ўмовы ўтрымання для жывёлы, а таксама аснасціць яго самым сучасным абсталяваннем. Мэта ў главы гаспадаркі мець тры тысячы дойных рагуль.  Зацікаўленая размова ў спецыялістаў адбылася  па пытаннях утрымання маленькіх цялятак, іх кармлення, рацыёнах.

Упэўнена  выходзіць на праектную магутнасць малочнатаварны комплекс у акцыянерным таварыстве «Дзякавічы». Зараз тут штодзённа надойваюць больш як сорак тон малака, а прадуктыўнасць адной каровы складае амаль трыццаць кілаграмаў сырадою. Дарэчы, і летась мясцовыя аператары машыннага даення ўнеслі значны ўклад у агульнараённы бідон – 13019,9 тоны  сырадою.  У параўнанні з папярэднім годам гэта на 211,5 працэнта болей. Аддача кожнай рагулі згаданага таварыства перавысіла 10 тысяч кілаграмаў. Варта сказаць, што гэта другое сельгаспрадпрыемства ў раёне, дзе ўдалося дабіцца такога паказчыка.

Надзвычай эфектыўнае гаспадаранне азначаных сельгаспрадпрыемстваў у малочнай галіне дазволіла і рэгіёну ў цэлым мець добрыя вынікі. Аператары машыннага даення Жыткаўшчыны надаілі за мінулы год 63553 тоны малака, што на 7,9 працэнта вышэй за папярэдні перыяд. Ды і прадуктыўнасць адной рагулі таксама значна падрасла на 154 кілаграмы і склала 5800. Як заўважыў старшыня райвыканкама Мікалай П’яўко, гэта  трэці і другі паказчыкі ў вобласці, і самае галоўнае, ёсць даволі салідныя рэзервы, каб нарасціць вытворчасць малочнай прадукцыі, у прыватнасці, за кошт сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба.

На падвядзенні вынікаў семінару Мікалай Мікалаевіч ад райкама прафсаюза АПК уручыў найбольш плённа працуючым у малочнай справе кіраўнікам і спецыялістам рэгіёна каштоўныя падарункі.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.