У Жыткавічах сапернічалі дапрызыўнікі
Падрыхтоўка школьнікаў да службы ва Ўзброеных Сілах краіны займае даволі значнае месца ў навучальных установах раёна. На гэтым тыдні юнакоў экзаменавалі на фізічную вынослівасць.
Спаборніцтвы дапрызыўной моладзі прайшлі адразу ў дзвюх школах райцэнтра і на гарадскім стадыёне. Саперніцтва сабрала трынаццаць каманд, агульнай колькасцю пад сотню старшакласнікаў. Спачатку хлопцы дэманстравалі трапнасць у цірах. Лепшым стралком прызналі навучэнца Віктара Германа з Тураўскай СШ №2, які выбіў на мішэнях трыццаць пяць ачкоў. А вось у камандным заліку лідарства захапіла СШ №3 райцэнтра. Адразу два яе прадстаўнікі з малодшай групы Артур Гарошка і Ягор Жогаль занялі вышэйшыя прыступкі п’едэсталу. Ды і іншыя члены каманды стралялі роўна. Нежартоўная барацьба разгарнулася і ў спартыўных залах, дзе падлеткі паказвалі сілавую падрыхтоўку на турніках. І тут таксама не падвялі. Некаторыя ўдзельнікі дэманстравалі вынік пад два дзясяткі падцягванняў.
На гарадскім стадыёне адбыліся аж дзве дзеі мерапрыемства. Гэта яго ўрачыстае адкрыццё. Агульнае пастраенне каманд пад гукі дзяржаўнага гімна і падняцце сцяга краіны завяршылася цёплымі словамі напутстваў, з якімі да школьнікаў звярнуліся метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Гарбарукова і начальнік групы тэрытарыяльнай абароны раенкамата маёр Вячаслаў Вергуноў. Яны нагадалі ўдзельнікам саперніцтва, як важна, каб армейскія рады папаўнялі дужыя і здаровыя прызыўнікі, гатовыя да абароны Айчыны, пажадалі плёну ў турніры. Яго апошнім акордам стаў лёгкаатлетычны крос. Падчас яго хлопцы павінны былі прабегчы тры кіламетры. На жаль, не ўсім скарылася дыстанцыя, але ж большасць выйшаўшых на старт паспяхова дабралася да фінішу. А лепшы час з якім пераадолелі сем з паловай кругоў вакол стадыёна атрымаўся крыху больш за дванаццаць хвілін.
Па выніках трох дысцыплін з найбольшай сумай балаў першынство ў шматбор’і заваявалі юнакі з СШ №3 райцэнтра. На другім месцы апынуліся гімназісты, а на трэцім — СШ №2 райцэнтра. У асабістым заліку верхнія прыступкі п’едэсталу занялі ў сваіх групах Арцём Страх з каледжа і Аляксандр Стахіевіч з Жыткавіцкай СШ №3 .
Спаборніцтвы дапрызыўной моладзі засведчылі, што ў многіх юнакоў заняткі спортам і фізічнай культурай не на апошнім месцы. Магчыма, не ўсім пашанцавала выступіць так, як хацелася, але ж тое, што выпрабаванне стараліся вытрымліваць годна, яскрава сведчыць, калі жыткаўчанам прыйцдзе час службы ў войску, яны мужчынскі абавязак выканаюць годна.
Сяргей Белка