Гомельшчына – іх лёс і жыццё
З нагоды 85-годдзя стварэння вобласці ўзнагародзілі кагорту заслужаных людзей нашага района за вялікі асабісты ўклад у яе сацыяльна-эканамічнае, культурнае і духоўнае развіццё.
У ліку сямнадцаці прадстаўнікоў розных галін народна-гаспадарчага комплексу Жыткаўшчыны, якія ўдастоены такой пашаны, — кіраўнікі рэгіёна і перадавых калектываў, ветэраны працы, лідары грамадскіх арганізацый.
Прыемную міссію сёння перад пачаткам пасяджэння райвыканкама выканаў Аляксандр Качан, начальнік галоўнага упраўлення гандлю аблвыканкама. Уручаючы юбілейныя граматы і знакі “85 лет Гомельской области”, ён падкрэсліў:
— Дзякуючы такім працалюдівым, таленавітым і добразычлівым людзям, сапраўдным патрыётам, што неаднойчы падкрэсліваў і Прэзідэнт, прымнажаецца дабрабыт краіны і народа, развіваецца наша вобласць, захоўваючы славу аднаго з самых перадавых рэгіёнаў рэспублікі.
— Гэта вельмі высокая ацэнка, — з хваляваннем зазначыла ветэран працы Валянціна Точка, якая дзесяць гадоў узначальвала КСУП “Бялёў”. – За мінулы час былі і перамогі, і цяжкасці, але ж мы заўжды адчувалі дзяржаўную падтрымку і імкнуліся рабіць на зямлі шчыра і добрасумленна. Дзякуй за прызнанне.