Ельна – вогненная вёска

80 гадоў таму яе напаткаў трагічны час

Трапіць у вёску Ельна, што ў Ленінскім сельсавеце, да вайны можна было толькі зімой, і то, калі ўсталюецца добры мароз.

Абкружанае лясамі і балотамі паселішча, нібы на востраве, жыло сваім жыццём. Але і такая абасобленасць не выратавала тутэйшы люд ад трагедыі. У студзені 1943 года Ельна  напаткаў лёс Хатыні.

Карнікі спрабавалі знішчыць жыхароў тройчы. Але вяскоўцы, наслыханыя зверствамі фашыстаў, два разы ўцякалі ў лес і балоты. Многія пайшлі ў партызаны. На трэці раз з-за моцнага марозу пільнасць прытупілася і гітлераўцы гэтым скарысталіся. Яны мэтанакіравана прыехалі забіваць людзей. Сагналі  больш як сто чалавек, у тым ліку 65 дзяцей, у хату на цэнтры і падпалілі будынак. Тых, хто выскокваў з полымя, растрэльвалі з куляметаў. І толькі, зрабіўшы крывавую справу, сталі рабаваць падворкі.

Прайшло восемдзесят гадоў з часу жудаснай трагедыі, што надарылася ў Ельна. Аб ёй нагадвае помнік, які ўстанавілі на месцы злачынства. І ў дзень расправы ля яго заўсёды збіраюцца нашчадкі ахвяр фашызму. Вось і ў васьмідзясятую гадавіну ля абеліска прайшоў мітынг-рэквіем у памяць аб генацыдзе над жыхарамі населенага пункта. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі  Ленінскага сельвыканкама, грамадскіх арганізацый, навучэнцы школы, ураджэнцы вёскі з Мікашэвічаў, Салігорска, Васілевічаў і іншых.

На мерапрыемстве гучала нямала пранікнённых парамоў, у якіх асуджаўся фашызм, выказвалася занепакоенасць, што ў многіх краінах гэтая пачвярная з’ява зноў набірае папулярнасць, Канечне ж, выступоўцы належна аддалі пашану загінуўшым землякам: хвілінай маўчання, малебнам, ускладаннем вянка да абеліску, каштаваннем каравая памяці. Удзел у арганізацыі і правядзенні мітынгу прынялі і спецыялісты жыткавіцкага аўтаклуба.

Ельна адрадзілася. Жыхары пасля вайны адбудавалі паселішча. Па ўспамінах старажылаў, тут нават была пачатковая школа, бо многія сем’і з’яўляліся шматдзетнымі.  Ёсць нейкая сімвалічнасць у гэтым, каб як мага больш людзей памяталі аб страшнай расправе над землякамі ў 1943-м. І ўраджэнцы Ельна не забываюць. Так, сёння тут пражывае ўсяго пяць чалавек, але ў кожнага з іх не зарубцоўваецца рана, якую нанеслі гітлераўцы паселішчу.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.