За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, бадай, ніводнае абласное хлебаробскае свята «Дажынкі» не праходзіць без прадстаўнікоў Жыткаўшчыны.
Не выключэнне і сёлетняе, якое ладзіцца ў Добрушы. На ім узнагароды атрымаюць сёння пяць герояў жніва з ААТ «Тураўшчына».
Рэкорды Кузьміча
Свой першы камбайнерскі поспех Іван Кузьміч памятае і да гэтага часу. Хаця мінула чвэрць стагоддзя. У 1997 годзе ён разам з бацькам на старэнькім «Доне» намалаціў 428 тон зерня. З гэтым паказчыкам сталі пераможцамі раённага працоўнага саперніцтва. Цяпер пра тое дасягненне механізатар успамінае з усмешкай.
І невыпадкова. На сёлетнім жніве Іван Іванавіч намалаціў больш за дзве з паловай тысячы тон збажыны.
– Мог выйсці і на тры, – зазначае земляроб, – але, на жаль, за некалькі дзён да заканчэння ўборкі зламаўся камбаін. Канечне, шкада, што не ўдалося паставіць яшчэ адзін працоўны рэкорд у раёне. Напэўна, так наканавана лёсам, каб гэта зрабіць у будучых сезонах.
Зараз Іван Кузьміч закладвае падмурак для будучага ўраджаю. На энерганасычаным «Беларусу» ўздымае зябліва. Але, аручы палеткі, раз за разам успамінае, як летам на іх убіраў ураджай.
– Зарадзіла сёлета ў нас збажына. Пшаніцы на круг выходзіла па семдзясят цэнтнераў, – дзеліцца ўражаннямі Іван Іванавіч. – Магчыма, таму і дасягненні механізатараў на хлебнай ніве такія высокія атрымаліся.
Сапраўды, пяць камбайнавых экіпажаў акцыянернага таварыства пераадолелі двухтысячны намалот. Астатнія таксама ўзялі тысячатонны рубеж.
– У пачатку маёй кар’еры намалаціць тысячу тон за сезон лічылася амаль подзвігам. Дарэчы, яго дасягнуў у 2005 годзе, – успамінае земляроб. – З таго часу ніжэй і не апускаўся. Толькі прыбаўляў і прыбаўляў.
Так, гэта не адзіны рэкорд Івана Іванавіча. Летась ён першым у раёне намалаціў за адну ўборку дзве тысячы тон зерня. У гэтым годзе палепшыў працоўны пачын яшчэ на пяцьсот тон. Таму і невыпадкова, што апынуўся на абласных «Дажынках» разам з калегамі па нялёгкай хлебаробскай справе. Іван Іванавіч з вялікім задавальненнем і гонарам расказвае ўнукам пра кожную ўзнагароду, незабываючы нагадаць, што заслужыць пашану можна толькі працай мазалёвай.