З гонарам за сына
Напэўна, жыхарка вёскі Баравая Зінаіда Стахіевіч не хвалявалася так падчас адпраўкі сына ў армію, як на цырымоніі яго ўшанавання ў ліку лепшых салдат і сяржантаў. Мерапрыемства нядаўна сабрала ў Цэнтральным доме афіцэраў 60 вайскоўцаў тэрміновай службы, што вызначыліся ў ратнай справе, і іх маці.
Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін выказаў жанчынам вялікую ўдзячнасць за выхаванне дастойных абаронцаў Айчыны. Добрыя словы прагучалі і ў адрас армейцаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у службе. На памяць пра цёплую сустрэчу, а традыцыя гэта штогадовая, матулі атрымалі кветкі і падзячныя пісьмы, а іхнія дзеці – каштоўныя гадзіннікі і мерч Першага — футболкі з прэзідэнцкай цытатай.
У сям’і Стахіевічаў ніхто арміі не цураўся. Абодва дзяды тэрміновую праходзілі за мяжою. Бацька, Анатолій Мікалаевіч, трапіў у войскі супрацьпаветранай абароны. Там жа выпала служыць спачатку старэйшаму хлопцу Яўгену, таксама ў свой час удастоенаму падзякі камандзіраў, а праз паўгода ў барысаўскую часць прызвалі і другога сына, Сяргея.
Можна толькі ўявіць, як перажывалі родныя. Але і цяпер Зінаіда Іванаўна ўпэўнена: юнакі павінны служыць, вучыцца абараняць свой дом і Радзіму. Гэта абавязак іх і доля. Армія загартоўвае характар, дадае самастойнасці, вучыць адказнасці. За свайго вайскоўца яна спакойная. Сяргей добра падрыхтаваны фізічна, за што дзякуй спорту, да таго ж прывычны да вясковай працы, гэта таксама вялікі плюс для тэрміновай. За яго плячыма – вучоба ў дарожна-будаўнічым каледжы, а павестку прызыўнік атрымаў будучы супрацоўнікам здабываючага прадпрыемства “Граніт”. Паўтара гады праляцелі незаўважна. І ўжо лічаныя дні аддзяляюць вадзіцеля-механіка 377-га зенітна-ракетнага палка ад демабілізацыі. Па словах мамы, за гэты час яе хлопчык ператварыўся ў сапраўднага мужчыну.
— Ганаруся сынам, — не хавае пачуццяў Зінаіда Іванаўна. – Ён сапраўды дастойны вайсковец. Але, дай бог, каб нашай арміі не прыйшлося прымяняць сваю моц у рэальных абставінах.
Святлана Шакалян