Як складваецца сітуацыя з вытворчасцю малака ў Жыткавіцкім раёне

Калі браць паказчыкі работы галіны ў цэлым, то атрымліваецца няблага. Але ў разрэзе гаспадарак карціна вымалёўваецца даволі стракатая.

З пачатку года на грамадскіх фермах надаілі 52885,8 тоны сырадою. У параўнанні з леташнімі 48225,1 гэта з прыбаўкай у 9,7 цэнтнера. Але спрацавалі на яе толькі тры гаспадаркі. У першую чаргу важкі прырост забяспечылі аператары машыннага даення ААТ «Дзякавічы», якія здолелі нарасціць вытворчасць прадукцыі на 255,1 працэнта. За дзесяць месяцаў у акцыянерным таварыстве  валавы надой склаў 10267,4 тоны. Дарэчы, гэта трэці па велічыні вынік у раёне. І станоўчая тэндэнцыя захоўваецца, што сведчыць аб добрым запасе трываласці для далейшых поспехаў мясцовых малочнікаў. Так, калі браць паказчык па надою на карову, то ён у гаспадарцы другі па велічыні і перавысіў восем тон. Уражвае і яго рост – прыкладна на дзве тоны.

Традыцыйна з важкай прыбаўкай да мінулагодняга перыяду працуюць і ў сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба. Па валаваму надою  жывёлаводы за дзесяць месяцаў упэўнена абаснаваліся на першым месцы. За азначаны час у сваім актыве яны маюць 14762,8 тоны сырадою з прыростам да такога ж перыяду 18,8 працэнта. З улікам таго, што ў сельгаспрадпрыемстве ўведзены ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс на 2000 кароў, тут маюцца выдатныя перспектывы для павелічэння прадуктыўнасці дойнага статка. Якая і зараз адна з лепшых у рэспубліцы. З пачатку года ў гаспадарцы ад каровы надаілі амаль па дзевяць тысяч кілаграмаў малака. Нагадаем, што па выніках 2021 сялянская гаспадарка М.Р. Шруба па гэтым паказчыку ў рэйтынгу сельгасарганізацый краіны была сёмай.

Яшчэ адной валаўтваральнай сельгасарганізацыяй па вытворчасці малака ў рэгіёне лічыцца ААТ «Тураўшчына». Іх дасягненне – 12025,8 тоны. Але сёлета для мясцовых аператараў машыннага даення гэта з’яўляецца слабым суцяшэннем, бо спрацавалі да мінулагодняга ўзроўню на фермах акцыянернага таварыства ўсяго на 77,7 працэнта. Недабор склаў амаль тры з паловай тысячы тон прадукцыі. І, калі летась прадуктыўнасць кароў набліжалася да пяці тысяч кілаграмаў, то зараз не дацягвае і да чатырох. На жаль, вытворцы сырадою Тураўшчыны і цяпер здаюць свае пазіцыі, што на сам рэч адбіваецца на агульных здабытках усяго рэгіёна. Хаця і рэзерваў маецца, каб вярнуць лідарства дастаткова.

А вось за працаўнікоў ферм ААТ «Прыазёрскае-Агра» можна толькі парадавацца. Укладзеныя раней сродкі ў развіццё малочнай вытворчасці  штогод прыносяць рэальную аддачу. Аб чым сведчаць і паказчыкі гэтага года: валавы надой 8372,8 тоны, прыбаўка ў 17 працэнтаў і надой ад каровы 5798 кілаграмаў з плюсам 225 кг.

У астатніх сельгаспрадпрыемствах рэгіёна: ААТ «Людзяневічы», КСУПах «Бялёў», «Коленскае», «Чырвоны Бор» з вытворчасцю малака і надоямі суцэльны абвал. Найперш, гэта бачна па прадуктыўнасці статка, якая зніжаецца, так бы мовіць, з касмічнай хуткасцю. Так, надоі ад каровы ў прыведзеным парадку гаспадарак тут памялелі ад паўтоны да паўтары сотні кілаграмаў. Зразумела, што з цяперашнімі здабыткамі менш трох тысяч кілаграмаў ад рагулі спадзявацца на высокую аддачу немагчыма. Але «рэкорд» устаноўлены на фермах КСУПа «Чырвоны Бор» проста заганяе ў тыя часы, калі малочная галіна рэгіёна знаходзілася ў поўным заняпадзе. З пачатку года ў згаданай гаспадарцы ад каровы надаілі толькі 1452 кілаграмы малака. Заўважым, на такую ж леташнюю пару было 1613. І гэта пры тым, што ў сельгаспрадпрыемстве пабудаваны комплекс, рэканструявана пад сучасныя тэхналогіі ферма. Але аддачы пакуль не бачна.

Відавочна, што той, хто належна дбае пра малочную вытворчасць, той і адпаведна мае выручку. Па словах кіраўніка сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба, зараз за яго малако паміж буйнымі перапрацоўшчыкамі прадукцыі ідзе даволі сур’ёзная канкурэнцыя.  І атрымаць сыравіну ад фермера мараць такія сусветна вядомыя брэнды як «Савушкін прадукт», «Тураўскі малочны камбінат» і «Рагачоўскі малочны камбінат». Сапраўды, пазмагацца ёсць за што. Найперш 14261,4  тоны сырадою, якія гаспадарка паставіла перапрацоўшчыкам за дзесяць месяцаў.  Гэта не тысяча або дзве, што могуць прапанаваць на продаж палова сельгаспрадпрыемстваў раёна. У фермера колькасны паказчык яшчэ і падмацоўваецца высокай якасцю прадукцыі.  Для параўнання, за акрэслены перыяд аграрыі рэгіёна рэалізавалі 49369,9 тоны малака. І прыведзены факт не для таго, каб прадэманстраваць станоўчы рост у 12,3 працэнты, а паказаць, што здабыткі залежаць ад таго, як падыходзяць да арганізацыі вытворчых працэсаў на месцах. Відавочна, арыфметыка простая і зразумелая.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.