У вёсцы Рычоў адгулялі Міхайлаўскі кермаш
З даўніх часоў на Беларусі людзі чакалі кермаш і рыхтаваліся да яго загадзя. Збіралася ўся радня, прыходзілі ў госці сябры, знаёмыя з навакольных вёсак. Гаспадары частавалі гасцей ўсім, на што былі багаты. Ладзілі танцы, спевы да ранку.
У нас, у вёсцы Рычоў, кермаш прыходзіцца на Міхайла. З цягам часу свята змяніла свой фармат: як і раней людзі прыбіраюць сваё жыллё, гатуюць смачныя стравы, але гасцей стала мала і песень нечуваць – не модна.
Але ўжо каторы год удзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Дубравіца» збіраюць гасцей у сябе, у Доме культуры, каб паказаць, данесці да моладзі, як трэба святкаваць Міхайла. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй: збірацца ва ўстанове на кермаш. Да нас прыязджаюць фальклорныя калектывы з Хільчыц, Сямурадзец, Старажовец і атрымліваецца вельмі весела.
Міхайлаўскі кермаш у Рычове з кожным годам набірае сілу. Гасцей наяжджае ў вёску ўсё больш і больш, каб паглядзець, павучыцца, пераняць ту атмасферу свята, якая царыла ў кожным доме нашых продкаў. Сёлета госці былі, нават, з Віцебску, Мінску – аматары народных песень і танцаў. Студэнты з Мінскай музычнай акадэміі. У свяце таксама прынялі ўдзел і мы, вучні ДУА «Рычоўская сярэдняя школа».
Зусім па-іншаму адчуваеш свята, калі з’яўляешся ўдзельнікам гэтага мерапрыемства.
Шчодрыя гаспадары Аляксандр Рыгоравіч Бічка і Галіна Мікалаеўна Бурак віталі гасцей у імправізаванай хаце на сцэне. Колькі песень, танцаў, прыказак мы пачулі і пабачылі на свяце! Але больш за ўсё ўразіла мяне тое, калі студенты з Мінска і аматары песні прасілі ўдзельнікаў калектыву «Дубравіца» паспяваць нашы, рычоўскія песні, акапэльна. Мне, канешне, сорамна аб гэтым казаць, (але лепш позна, чым ніколі), я упершыню адчула такое вялікае пачуццё гонару за сваю вёску, за яе жыхароў і традыцыі, якія існуюць у нас. Людзі, якія жывуць за некалькі соцень кіламетраў ведаюць нашы колішнія песні, едуць, каб пачуць іх яшчэ раз і яшчэ раз! Я, не ведаючы ні аднаго слова, не магла спыніць жаданне ўнутраннага голасу: жаданне спяваць. Нешта сабе барматала, старалася злавіць мелодыю, ногі самі тупалі, калі іграла гармошка. З боку гэта было, напэўна, смешна, але я атрымала такую асалоду, ды і не толькі я, а ўсе ўдзельнікі свята!
Дзякую за арганізаванае свята Ларысе Марціноўскай, усім удзельнікам калектыву «Дубравіца» і нашай адміністрацыі школы, настаўнікам, што далучаюць нас да народнай творчасці.
Ксенія Матарас,
вучаніца 5 класа
Р.S. Убачыць некаторыя фрагменты са свята можна на нашай старонцы ў інстаграм rychov_school.