Незабыўны 1917 у Жыткавіцкім раёне
Цяпер Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ўспрымаецца па-рознаму.
Але, як кажуць, слова з песні не выкінеш, як і такую знакавую падзею з гісторыі, якая карэнным чынам паўплывала не толькі на лёс адной краіны, а і ўсяго свету. Нездарма ў нашай дзяржаве сёмага лістапада з’яўляецца дзяржаўным святам, аб якім памятаюць беларусы. У гэтай падборцы матэрыялаў “НП” раскажа не толькі пра той неспакойны і складаны час у нашым рэгіёне, а таксама пра тое, наколькі Кастрычнік стаў лёсавызначальным для некалькіх пакаленняў жыткаўчан.
Палешукі ніколі не былі пакорлівымі. Бунтарскі дух у іх крыві. Таму і няма чаму здзіўляцца, калі на прасторах Расійскай імперыі распачаўся рэвалюцыйны рух, то яго адгалоскі дакаціліся і да нашага рэгіёна. Ужо ў 1905 годзе мінскі губернатар дакладваў міністру ўнутраных спраў, што ў Мазырскім уездзе чыняцца беспарадкі і туды накіравана рота салдат. Заставаліся яны там і ў студзені наступнага года.
Рэвалюцыйныя выступленні ў Жыткавічах мелі месца і ў ліпені 1917 года. Баставалі рабочыя лесапільнага завода Бермана, якія патрабавалі 8-гадзіннага рабочага дня, адмены звыштэрміновых работ. Іх задаволілі.
У лістападзе 1917-га ў Тураве і Жыткавічах была ўстаноўлена савецкая ўлада. У першым паселішчы яе ўзначаліў 32-гадовы мясцовы жыхар Тарас Русы, былы марак Балтыйскага флоту, які ў час службы прымкнуў да бальшавікоў. Аднак ужо ў лютым, калі кайзераўская Германія ўзнавіла баявыя дзеянні супраць маладой савецкай рэспублікі, Палессе акупіравалі нямецкія войскі. З гэтай пары пачалася доўгая чарга змен розных рэжымаў, улад, правіцеляў…
У пачатку сакавіка 1918 года група былых франтавікоў – маракоў-балтыйцаў Тараса Русага і Сямёна Котава, а таксама пехацінцаў Пятра Балбуцкага, Сцяпана Сулкоўскага, Івана Гальца стварылі партызанскі атрад для барацьбы з нямецкімі захопнікамі. Праводзілі агітацыю сярод сялян навакольных вёсак, збіралі зброю. Ужо ўлетку Тураўскі атрад налічваў некалькі дзясяткаў чалавек. Ноччу 18 снежня партызаны ўвайшлі ў Тураў, занялі пошту, земскую ўправу, будынак гетманскай варты. Адразу быў створаны ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Тарасам Русым. Наступнай раніцай на мітынгу было аб’яўлена аб узнаўленні савецкай улады. Але праз тыдзень кайзераўскія салдаты, якія прыбылі з Жыткавічаў, выбілі мсціўцаў з паселішча. У студзені 1919 года, згодна з дамоўленасцямі Брэсцкага дагавору, немцы пакінулі Беларусь, у Тураве зноў запрацаваў ваенна-рэвалюцыйны камітэт.
Толькі хутка пачалася польская інтэрвенцыя. Пасля вызвалення краю ў 1920 годзе ад акупацыі органы савецкай улады ў Жыткавічах і Тураве аднавілі сваю дзейнасць. Але станаўленне ішло ў цяжкіх умовах. У ваколіцах гойсалі банды, якія тэрарызавалі насельніцтва. Яшчэ адным вялікім выпрабаваннем стала нападзенне арміі Булак-Булаховіча. Толькі ў 1921 годзе ў нашым кутку пачало наладжвацца больш-меньш мірнае жыццё.
Тое, што запомнілася
З успамінаў:
П. Дудзіч:
— Прыйшоў з арміі ў родны Браніслаў толькі ў канцы 1917 г. У вёсцы пра рэвалюцыю ў Петраградзе хадзілі цьмяныя чуткі, усё заставалася па-ранейшаму. Колькі хадакоў прыходзіла да мяне, распытвалі, раіліся, быццам я быў членам урада, мог чым дапамагчы. Але вясной 1918 відны былі ўжо зрухі да лепшага. Памешчыцкія землі падзялілі паміж сялянамі. Тое ўрочышча і цяпер носіць назву Прырэзы.
В. Казлоў:
— У лютым 1917 года прыляцела вестка, што скінулі цара. Кожны ўспрыняў яе па-свойму. Адны аплакалі самадзержца, другія парадаваліся яго звяржэнню. Усім хацелася нечага новага, лепшага. Памятаю, як тураўцы абмяркоўвалі падзеі. Гаварылі, што трэба нешта рабіць, ладзіць новае жыццё. Але як і хто гэта павінен рабіць — было невядома. Жыццё між тым станавілася яшчэ больш цяжкім. Захавалася ў памяці, як на плошчы сабралася многа людзей. Нейкі чалавек крычаў, што ёсць такая сіла, якая можа рэвалюцыю давесці да канца. Але дзе яна?.. З мітынгу сялянне накіраваліся да валасной управы, захапіўшы з сабой багры. З шумам і гвалтам пачалі здзіраць са сцен царскія партрэты.
Пасля весткі аб кастрычніцкіх падзеях найбольш рашуча настроеныя тураўцы, падбухтораныя бальшавікамі і партыйцамі-рэвалюцыянерамі ушчэнт разбілі помнік імператару Аляксандру, які паставілі яму на Чырвонай плошчы з нагоды адмены прыгоннага права. Доўгі час узвышаўся пастамент, пакуль яго не знеслі і на гэтым месцы ўзвялі дзіцячы садзік.
Х. фель:
— У 1917 я была яшчэ дзяўчынкай, але добра запомніла дзень 25 кастрычніка (7лістапада). Здавалася, усе жыхары Леніна выйшлі на дэманстрацыю, каб вітаць савецкую ўладу, што ўсталявалася ў Петраградзе. Людзі ішлі па цэнтральнай вуліцы да памешчыцкага маёнтка. Над натоўпам развіваліся чырвоныя сцягі, а ў многіх на руках былі павязаны такія ж стужкі. Была яна і ў мяне. Іграў духавы аркестр. Чуліся гукі Інтэрнацыяналу. На мітынгу многія ленінцы выступілі, але лейтматыў ва ўсіх быў адзіны: людзі выказвалі радасць і задавальненне ад таго, што збылася іх шматвяковая мара… Усе былі ўпэўнены – гэта нашая ўлада, здабылі яе рэвалюцыянеры-ленінцы.
Сапраўды, у Леніне, мястэчку аддаленым ад буйных цэнтраў, якое было больш глухім чым Жыткавічы і Тураў, заўсёды панавалі рэвалюцыйныя настроі, якія разыходзіліся па ўсім краі, даходзілі аж да Вільні, дзе жыло шмат выхадцаў з паселішча, удзельнікаў марксісцкіх гурткоў. Іх можна было сустрэць у Пецярбургу, Маскве, Мінску, Гомелі. Ленінцы знаёміліся з працамі К. Маркса І Ф. Энгельса, маладога У. Ульянава. Ёсць вусныя паведамленні, што выхадцы з мястэчка сустракаліся з ім і размаўлялі. Да лістапада 1917 г. у паселішчы на вуліцы Падліпенскай (сучасная Рэвалюцыйная) у хаце А. Чопчыца знаходзілася канспіратыўная кватэра бальшавікоў.
Восенню 1917-га ўтвораны валвалвыканком і ў Дзякавічах. Яго старшынёй абралі Пятра Быкава, а кіраўніком валземаддзела Марціна Чэркаса. У змаганні за савецкую ўладу з белапалякамі апошні стварыў партызанскі атрад, які падтрымліваў цесныя сувязі з дзедам Талашом. У 1919 г. дзякавіцкія партызаны разбілі ворагаў на дарозе каля вёскі Вятчын і захапілі частку абозу са зброяй.
Вясной 1917-га была надзвычай вялікая паводка, успамінаюць старажылы. І тады кожнаму здавалася, што яна змыла ўсё старое, каб расчысціць шлях будаўніцтву новага жыцця.
Па матэрыялах кнігі “Памяць”
падрыхтаваў Сяргей Белка