Як у Жыткавічах вучыліся ратавацца
Мерапрыемствы Адзінага дня бяспекі, які ўчора праходзіў па ўсёй краіне, супрацоўнікі раённых аддзелаў МНС, ДАІ, ВУ “Жыткавічыгаз”, аддзялення Дэпартамента аховы і арганізацый БРСМ, Чырвонага Крыжа зладзілі адразу на некалькіх лакацыях.
У школах засяродзілі ўвагу настаўнікаў і выхаванцаў на асновах папярэджвання надзвычайных сітуацый, дзеяннях падчас іх, прафілактыцы розных правапарушэнняў. Ішло не толькі навучанне, але і праверка ведаў. Калектывам устаноў нечакана была пададзена каманда аб эвакуацыі з нагоды НС. Справіліся з заданнем паспяхова.
А палове першай спецыялісты згаданых службаў ужо знаходзіліся са сваімі прапагандыскімі матэрыяламі і выставамі ля магазіна “Дабраном”. Зноў жа з адной мэтай, каб папярэдзіць наведвальнікаў гандлёвай кропкі, што небяспека падсцерагае нас паўсюдна: у кватэры, на вуліцы, іншых месцах, а таксама навучыць, як пераадолець неспадзяванасці.
Было чаму здзіўляцца пакупнікам і персаналу крамы, калі на іх вачах, нібы запалка, успыхнула газавая пліта, якую прывезлі з сабою супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Людзі ў форме не разгубіліся, інспектар Фёдар Дудзіч імгненна патушыў полымя, прымяніўшы вогнетушыцель. Але выратавальнікі зноў стварылі пажар на кухонным інвентары, прапанаваўшы справіцца з ім прахожым. Тыя заданне ўспрынялі з ахвотай, прадэманстравалі, што умеюць спраўляцца з дапамогай вогнетушыцеля з узгараннямі не горш за спецыялістаў адпаведных службаў. За гэта яны атрымлівалі ў якасці прызоў прафілактычныя буклеты. Людзі ўдзельнічалі і ў віктарынах, уважліва слухалі рэкамендацыі спецыялістаў. За правільныя адказы атрымлівалі прызы.
Напрыклад, супрацоўніца Дзяржаўтаінспекцыі надзяляла пераможцаў флікерамі. Дарэчы, зараз, калі рана цямнее, гэта вельмі неабходны элемент для пешаходаў, каб абазначыць сябе пры руху ўначы. Не абмінуў акцыю і старшыня райсавета Укладзімір Кулеш.
Канечне, мерапрыемства засведчыла, што ў сваёй большасці грамадзяне ведаюць, як засцерагчыся ад бяды, што патрэбна прадпрыняць падчас надзвычайнай сітуацыі. Разам з тым, нездарма кажуць, што паўтарэнне – гэта маці вучэння. І чарговы раз нагадаць аб тым, як не дапусціць трагедыі, лішнім ніколі не будзе.