У тураўскіх перапрацоўшчыкаў гародніны працягваецца сезон нарыхтовак

Зараз працаўнікі кансервавага камбіната вядуць кансервацыю салодкай кукурузы.

— Цяпер і гэты від нашай прадукцыі, як і гарошак, будзе пазначаны знакам “народная марка”, — гаворыць  Анастасія Лісіцкая. — Таму  мы ўсё робім, каб апраўдаць давер людзей і выпусціць прадукт высокіх смакавых якасцей.

Клопат Анастасіі Мікалаеўны даволі зразумелы. Каб заваяваць народнае прызнанне на рынку, спецыялістам камбіната спатрэбілася больш як два дзесяцігоддзі нястомнай працы з таго часу, калі з канвеера прадпрыемства сышлі першыя слоікі кансерваваных гароху і кукурузы.

Зараз жа пачынаюць вытворчы працэс камбайнеры Уладзімір Клочка і Дзмітрый Леўкавец. У гэтым сезоне яны ўжо абмалацілі для камбіната гарох. Цяпер пазменна  бесперабойна забяспечваюць канвеер сыравінай. Цукровая кукуруза, якую яны ўбіраюць, сёлета, як і ў мінулыя гады, вырашчана на палетках акцыянернага таварыства.  Яна займае 130 гектараў. І аддача, як прызнаўся камбайнер, даволі нядрэнная.

— Ураджайнасць лепшая за леташнюю. З гектара выходзіць па 153 цэнтнеры, — адзначае механізатар. — Такую культуру і ўбіраць прыемна. Бункер запаўняецца пачаткамі літаральна на вачах.

Менавіта дзякуючы зладжанай працы ў полі і канвеер не прастойвае ні хвіліны. У гэтыя дні яго рэжым трохзменны. Спыняюцца работы толькі на прыборку цэха і для прафілактычных мерапрыемстваў на абсталяванні.

— Каб сыравіна не псавалася, патрэбна яе ўпарадкаваць не меней чым за дзесяць гадзін, — расказвае пра тэхналогію вырабу кансерваванай кукурузы начальнік вытворчасці Анастасія Мікалаеўна. — Менавіта столькі адводзіцца пачатку для праходжання шляху ад поля да складу. Таму стараемся вытрымліваць адведзены тэрмін.  Нават нязначных прастояў дапускаць у такую пару для нас недапушчальна.

Сапраўды, майстэрства і працавітасці тураўскім перапрацоўшчыкам агародніны не займаць. Гэта добра бачна па іх дакладных рухах на кожным участку. Найперш пачаткі адпраўляюцца на ачыстку, потым кукуруза паступае на стол пераборкі. На кожным з гэтых этапаў усе зернейкі праходзяць праз руплівыя рукі работніц, каб не дапусціць у слоікі псаванай сыравіны. Па-іншаму нельга. Строгі кантроль і на другіх участках.  Ледзь не кожны слоік правяраецца на якасць укупоркі. Нават самы нязначны хіб — і прадукцыя вяртаецца назад на канвеер. Падчас наведвання прадпрыемства тут плённа шчыравала вопытная Марыя Бягун.

— Работа няпростая, — заўважае майстар змены Алена Салавей, якая вядзе і ўлік, і сочыць за дзеяннямі падначаленых. — Але працуем з настроем, бо ўсё атрымліваецца як трэба.

— Несумненна, мы ўлічылі  промахі, якія дапусцілі сёлета ў пачатку сезона кансервацыі гароху, — дзеліцца набалелым ад прайшоўшай кампаніі Анастасія Лісіцкая. — Цяпер праблем не маем і са шклянкамі, і накрыўкамі, іншымі кампанентамі, таму забяспечваем  высокую выпрацоўку. Зараз  вядзем кансервацыю ў шкляныя слоікі. Такая кукуруза пакупнікамі больш цэніцца, бо кожны можа наяву пабачыць, якой высокай вартасці прадукт ім прапануецца.

Ужо з канвеера камбіната сышло больш  за мільён умоўных слоікаў прадукцыі. Усяго плануецца выпусціць два з паловай мільёна такіх адзінак харчовага прадукту. Задача, як сцвярджаюць спецыялісты філіяла, для іх пасільная. Абнадзейвае і тое, што ёсць на іх выраб попыт. Амаль штодня адгружаюцца розныя віды агароднінных кансерваў спажыўцам. Прычым не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Сёння ж для тураўскіх перапрацоўшчыкаў агародніны народнае прызнанне з’яўляецца найлепшым стымулам для павелічэння ўласных вытворчых здабыткаў і выканання пастаўленых задач і намечаных планаў. Апошнія даволі значныя, таму  клопатаў і спраў наперадзе ў спецыялістаў філіяла яшчэ многа.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.