Некалькі штрыхоў з гісторыі аграгарадка Ленін
Прадпрымальніцкая данастыя Агаркавых, якая паходзіла з Адэсы, папала ў гісторыю бізнесу Беларусі дзякуючы бацьку і сыну Сцяпану і Фёдару. Вымушаная распрадажа наследніцай Радзівілаў і Вітгэнштэйнаў княгіняй Марыяй Гогенлоэ-Шылінгсфюрст сваіх мінских латыфундзій выклікала цікавасць ганаровага патомнага грамадзяніна Адэсы Сцяпана Агаркава.
Адзін з першых ён накіроўваецца на таргі і, набраўшы пазык у мясцовых банках, купляе ў 1893 годзе маёнтак Ленін у Мазырскім уездзе.
У 1898 годзе адэскі бізнэсмен на станцыі Мікашэвічы Палескай чыгункі засноўвае лесапільны завод, на якім выраблялі і фанеру. Справу бацькі працягвае Фёдар Агаркаў. Менавіта з яго імем звязаны росквіт фірмы.
У 1904-1905 гадах на грошы Фёдара Агаркава з выкарыстаннем шпал з яго прадпрыемстваў інжынеры Палескай чыгункі будуюць адну з буйнейшых на тэрыторыі беларускіх губерняў 27-вёрстную лінію вузкакалейнай чыгункі. Яна брала пачатак на раз, ездзе Люшча Палескай чыгункі (недалёка ад Мікашэвіч) і праходзіла праз цэнтр палескіх валоданняў Агаркава ў мястэчку Ленін. Адну з колішніх дарог, дзе пралегла вузкалейка, мясцовыя да гэтага часу завуць “конкай”.
Пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавору мястэчка Ленін апынулася ў складзе Польшчы. Агаркаў змог прадаць свой актыў і лясныя дачы каралям дрэваапрацоўкі Польшчы Навуму, Герману, Морысу і Горацыю Хеллерам — уладальніка холдынгу, які базіраваўся ў Антверпене.
З часоў Агаркава і памешчыка Райкоўскага захаваліся у нас тры будынкі пачатку ХХ–га стагоддзя.
Захавалася частка пабудовы. Доўгі час тут былі рамонтныя майстэрні саўгаса “Ленінскі”, а цяпер аддзялення КСУП “Людзяневічы”.
*Як добры гаспадар Фёдар Агаркаў наладзіў выраб чарапіцы. Завод па вырабу чарапіцы знаходзіўся за тры кіламетры ад мястэчка Ленін ў вёсцы Буды.
*У гэтым будынку знаходзіцца Леніскае лясніцтва. Памяшканні ў добрым стане.
*Будынак пабудаваны памешчыкам Райкоўскім. Дакладная дата пабудовы невядома. Пры польскай уладзе да 17 верасня 1939 года тут знаходзілася пошта. З 1939 па 1941 год – ашчадная каса. У час Вялікай Айчыннай у будынку надарыўся пажар. Пасля вайны ён быў адноўлены і перададзены пад школу. Спачатку тут размяшчаўся інтэрнат для вучняў 9-10 класаў, а пазней — школьная спартыўная зала.
*У 1992 годзе будынак перададзены праваслаўнай абшчыне Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і пераабсталяваны пад храм.
Васіль Вярэніч,
старшыня ветэранскай арганізацыі
Ленінскага сельскага Савета