Наш карэспандэнт пацікавіўся цэнамі на першым восеньскім кірмашы
Першы восеньскі кірмаш у Жыткавічах парадаваў багаццем тавару, вясёлымі спевамі і падараваў шмат станоўчых эмоцый удзельнікам.
Пагандляваць у райцэнтр сёлета прыехала каля сотні гаспадароў і сельгаспрадпрыемстваў. На пляцоўцы былі прадстаўлены практычна ўсе населеныя пункты з рэгіёна. Вяскоўцы прывезлі шмат тавару. Найперш гэта сеткі адборнай бульбы па 80 капеек за кілаграм, цыбулі па цане ад рубля да паўтара, яблыкі за паўтара –два рублі, зерне ад сарака капеек да сямідзесяці пяці. На любы густ прапаноўвалася агародніна і садавіна, як традыцыйная :агуркі, памідоры, перцы, буракі, капуста, так яшчэ пакуль і невельмі распаўсюджаная ў нашых краях – той жа вінаград.
Асобна выдзяляліся асартыментам гандлёвыя кропкі Жыткавіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, філіяла “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына”, акцыянернага таварыста “Доследны рыбгас “Белае”. Менавіта ля гэтых аб’ектаў з самага рання ўжо выстройваліся чэргі. Усе пакупнікі знаходзілі свой тавар, і у спалучэнні з добрым абслугоўваннем, пакідалі кірмаш з выдатным настроем. Яго градус уздымалі і самадзейныя артысты з розных устаноў культуры раёна.
Яны ж прывіталі і дэлегацыю райвыканкама, якую ўзначальваў старшыня Мікалай П’яўко. Па яго словах, асартымент радуе, ды і цэны не вельмі кусачыя, а гэта сведчыць, што не перавяліся на Жыткаўшчыне сапраўдныя гаспадары, якія здольныя забяспечыць прадуктамі харчавання не толькі ўласны стол, але і попыт гараджан.