Значны след на аграрнай ніве раёна пакінуў Уладзімір Радавец

Днямі гэтага рупліўца з пашанай і гонарам правялі на заслужаны адпачынак.

На невялікую ўрачыстасць з такой знакавай падзеяй у лёсе Уладзіміра Іванавіча прыйшлі  старшыня райвыканкама Мікалай П’яўко,  кіраўніцтва райсельгасхарчу, сельгас- і абслугоўваючых прадпрыемстваў, аб’яднання прафсаюзных арганізацый. Несціханна гучалі ў адрас Радаўца шчырыя словы падзякі і віншаванняў. З апошнімі звярталіся невыпадкова, ва Уладзіміра Іванавіча  як раз надарыўся юбілей. Але самае галоўнае, што кожны з прысутных на мерапрыемстве адзначыў той прафесіяналізм, тую кіпучую энергію, з якімі згаданы чалавек выконваў ускладзеныя на яго абавязкі. Успомніць гасцям сапраўды было што. Напрыклад, Мікалай П’яўко згадаў час, калі Уладзімір Іванавіч не пабаяўся пакінуць стабільны калектыў райсельгасхіміі, якім кіраваў не адзін дзясятак гадоў, каб узначаліць  нядаўна створанае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. І старт на новым месцы працы аказаўся даволі ўдалым. Праз год гаспадарка ўжо ўдзельнічала ў рэспубліканскіх дажынках, дзе была адзначана ганаровым дыпломам.

— З Уладзімірам Іванавічам заўсёды было прыемна працаваць, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Ён заўсёды не толькі патрабавальны да падначаленых, але і добры дарадца, які не скупіцца падзяліцца вопытам і ведамі. Чалавек справы для яго на першым месцы.

Аб гэтым Радавец заўсёды нагадваў маладзейшым калегам-кіраўнікам падчас работы на пасадзе старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, якую займаў апошнія гады. Значны вопыт кіравання вытворчасцю, добрае веданне людской псіхалогіі дазволіла прафсаюзнаму лідару хутка асвоіцца і ў новай для сябе сферы дзейнасці. Не адседжваўся ў кабінеце, а імкнуўся туды, на палеткі і фермы, у гушчыню вяскоўцаў, каб падтрымаць іх  маральна і матэрыяльна. Хаця  з апошнім было не заўсёды проста.

Уладзімір Радавец — шчаслівы муж, бацька, дзядуля. У спалучэнні з працавітасцю такі арыенцір на сямейныя каштоўнасці таксама многае гаворыць аб высокіх якасцях характару юбіляра, якія дапамагалі яму займець належную пашану на жыткавіцкай зямлі, глыбока пусціўшы ў яе карані.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.