Жыткавіцкіх хлебаробаў вітала кіраўніцтва рэспубліканскага прафсаюзнага камітэта
Працаўнікі КСУПа “Чырвоны Бор”, аднымі з першых завяршылі ўборку каласавых. Днямі тут віталі перадавікоў. Зрабілі гэта старшыні рэспубліканскага і абласнога прафсаюзных камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік і Аляксандр Наўныка.
З тых, хто атрымаў узнагароды ад лідараў прафесійнага саюза Пётр Халадовіч, Аляксандр Крутаў і Аляксандр Купрацэвіч. Мерапрыемства завяршылася шчырай размовай пра справы надзённыя. Тон у ёй задаваў Васіль Міхайлавіч. Пагаварыць з працаўнікамі было аб чым. Усё ж згаданае прадпрыемства зараз знаходзіцца не ў лепшым стане. Сведчаць пра гэта і вынікі сёлетняга жніва. Ваплавы намалот — толькі 870 тон, пры сярэдняй ураджайнасці крыху больш за дзесяць цэнтнераў. Не бліскуча складваецца і дзейнасць у жывёлагадоўлі. Адсюль і ўсе беды мясцовых аграрыяў: няма прадукцыі, няма і высокіх заробкаў. Канечне, чырванаборцы ўскладваюць надзеі на новага кіраўніка і пэўную работу над памылкамі ўжо праводзяць. Папоўнілі штат маладымі спецыялістамі, вызначыліся са структурай зерневага кліна на будучае. У ім з’явяцца такія культуры як рапс і азімы ячмень. Зараз актыўна вядзецца ворыва і перадпасяўная падрыхтоўка глеб, каб правесці своечасова азімую сяўбу.
А вось у КСУПе Бялёў, куды таксама завіталі Васіль Хвацік і Аляксандр Наўныка, каб прывітаць лепшых земляробаў, уборачная ў самым разгары. Жніво ў згаданай гаспадарцы толькі прайшло экватар, сказалася слабая тэхнічная база. У страі застаўся толькі адзін камбаін. Спадзяваліся на новы, але ён не прыйшоў у вызначаны час. Таму давялося пазычаць машыну ў суседняй гаспадарцы. Вось так дзвюма тэхнічнымі адзінкамі і распачалі працу.
— Зараз падышло падмацаванне, — расказвае дырэктар Аляксандр Талмачовец. — На падмогу выдзелілі тэхніку з экіпажамі акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс” і камунальнае сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор”. Таму справа на зерневым кліне пайшла значна весялей. Тым больш што сёлета нашыя палеткі намнога ўраджайнейшыя. Напрыклад, азімага жыта намалочваем па 37 цэнтнераў, а ў сярэднім гектар аддзячвае больш як дваццаццю цэнтнерамі.
Не залежваецца ў гаспадарцы і салома. Нездарма ў ліку ўзнагароджанных і механізатар Леанід Чарнагалоў, які заняты на яе прасаванні. Па словах Івана Хваціка, праца вельмі цяжкая і адказная, бо, не прыбраўшы валкі, своечасова не прыступіш да іншых земляробчых работ. Таксама граматы і падзякі ад прафсаюзаў атрымалі галоўны аграном гаспадаркі Павел Галавач, механізатар Анатоль Макарэвіч і вадзіцель Міхаіл Савіч, якія праявілі сябе на адвозцы зерня.
Несумненна, што такая маральная і матэрыяльная падтрымка, аказаная у гарачую пару, станоўча паўплывае на іх працоўны настрой.
Сяргей БЕЛКА