Усяго тыдзень спатрэбілася працаўнікам АТ «Тураўшчына», каб убраць рапс
Алейная культура парадавала добрай ураджайнасцю.
Тураўскія хлебаробы з пачатку жніва прадэманстравалі высокую арганізаванасць і гатоўнасць да кампанні. У поле вывелі дзесяць наяўных камбайнаў, забяспечыўшы кожны з іх аўтамабілем для адвозкі намалочанага. І варта сказаць справа адразу пайшла на лад. Штодня па маршруту «поле-ток» перавозілася да трохсот тон рапсу. Дзённы здабытак некаторых камбайнаў перавышаў паўсотню тон.
– На такіх ураджайных палетках і працаваць прыемна, – не хавае станоўчых эмоцый камбайнер Віктар Дземідавец. – Сёлета аддача рапсу раза ў паўтара большая, чым мелі ў мінулым годзе. Адпаведна і выпрацоўка высокая.
І тут з механізатарам нельга не пагадзіцца. У гаспадарцы пры амаль саракацэнтнернай ураджайнасці сабралі 1966 тон алейнага насення. Некаторыя палеткі, як заўважыў вадзіцель Сяргей Леўкавец, аддзячвалі амаль 60 цэнтнерамі з гектара.
Несумненна, што паміж экіпажамі і вадзіцелямі адразу разгарнулася вострае саперніцтва, якое арганізавалі адміністрацыя і прафкам сельгаспрадпрыемства.
– Механізатары настолькі зацята змагаюцца на палетках, каб набраць лішнюю тону, што і на абед цяжка даклікацца, – адзначае старанне працаўнікоў старшыня прафсаюза акцыянернага таварыства Наталля Вакульчук. – Папярэдне да іх давялі ўмовы аплаты, дадатковыя стымулы. Адным словам, зрабілі ўсё, каб людзі атрымалі годныя заробкі. Забяспечваем удзельнікаў жніва гарачымі абедамі, а таксама вячэрамі, халоднымі напіткамі. Іх кошт мінімальны.
І на абмалоце рапсу некаторыя з хлебаробаў зрабілі даволі важкую заяўку на перамогу ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве. У прыватнасці, камбайнер Іван Кузьміч выдаў з бункера свайго КЗС амаль чатырохсоттонны намалот. Відаць, зноў ідзе на агульнараённы рэкорд. Нагадаем, летась Іван Іванавіч упершыню на Жыткаўшчыне за адзін сезон намалаціў больш як дзве тысячы тоны зерня. Пад трыста тон запісалі ўжо на ўласны рахунак на жніве-2022 Канстанцін Шкурко і Уладзімір Матарас. Цэлая група механізатараў мае ў сваім актыве каля двухсот і болей тон сабранага рапсавага насення. У вадзіцеляў вытворчыя паказчыкі яшчэ больш шчыльныя. Адразу чатыры з іх – Міхаіл Акуліч, Уладзімір Чарнушэвіч, Ігар Сергіевіч і Сяргей Леўкавец – пераадолелі рубеж у трыста тон перавезенага з поля на збожжаток зерня. Асаблівай пахвалы заслугоўвае Сяргей Бічка. Працуе ён на старэнькім ГАЗоне, але дзякуючы сваёй самааддачы, не саступае па выніках калегам, якія шчыруюць на самазвалах – і навейшых, і значна большай грузападымальнасці.
Вось з такім пазітыўным уздымам пасля абмалоту рапсу працаўнікі ААТ «Тураўшчына» прыступілі да ўборкі хлебнай нівы. Усе ў гаспадарцы ўпэўнены, што і яна не падвядзе. Аб гэтым сведчаць і першыя намалоты аўса, які таксама плануюць скасіць у сціслыя тэрміны.
– Культура капрызная, пераспее і страт не абярэшся, – кажуць камбайнеры. – Ураджай жа для яе таксама някепскі – з гектара за трыццаць пяць цэнтнераў маем. Таму і імкнемся высокія тэмпы мацаваць якасцю абмалоту.
Усяго ў гаспадарцы збожжавы клін займае 2906 гектараў. І кожны палетак вітае мясцовых хлебаробаў важкім коласам, аб чым і сведчаць вынікі. З убраных 74 га ўзята 263 тоны.
Сяргей Белка