Кроў прасочвалася скрозь пясок…

Па колькасці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны аграгарадок Ленін трымае сумнае лідарства сярод населеных пунктаў раёна. Тут фашыстамі знішчана больш за тры тысячы жыхароў. Роўна 80 гадоў таму, 14 жніўня 1942-га, ў мястэчку адбылася самая масавая расправа над мірным насельніцтвам. На сыходзе лета карнікі расстралялі каля дзвюх тысяч вязняў яўрэйскага гета.

Яны любілі жыццё

Напярэдадні вайны Ленін перажыў шэраг пераўтварэнняў. У 1939-ым пасля вызвалення Заходняй Беларусі польскае мястэчка стала савецкім, а праз год атрымала статус раённага цэнтра Пінскай вобласці. Яго насялялі больш за пяць тысяч чалавек, дзве з якіх складалі яўрэі, уключаючы бежанцаў з Польшчы і навакольных сёл. Было шмат палякаў, прадстаўнікоў іншых суседніх народнасцяў – літоўцаў, рускіх, украінцаў, латышоў.

Гарадок на Случы немцы акупіравалі 16 ліпеня 1941 года, а праз колькі тыдняў пачалі рабіць гета. Плотам з дошак і калючага дроту ў два рады адгарадзілі тэрыторыю заазерья, паміж сучаснымі вуліцамі 17 Верасня і Садовай. Вокны забілі драўлянымі шчытамі і таксама аплялі калючкаю. Па некаторых звестках, тут знаходзілася 1850 чалавек, але ж дакладных спісаў ніхто не складаў. У іншых крыніцах указваецца лічба – звыш дзвюх тысяч. Для ізаляваных людзей ўсталявалі камендантскі час з надыходам цемры і забарону на выкарыстанне святла і ацяпленне дамоў, іх прымушалі працаваць, а на аддзенне загадалі нашыць жоўтыя шасціканечныя зоркі. Барыс Ліўшыц, якому падлеткам цудам удалося пазбегнуць рэпрэсіі, у сваёй кнізе “Жыць, чтобы помнить” так прыгадвае першы дзень у рэзервацыі: “Несмотря на ранний час, всё пространство гетто заполнили люди. Среди всех возрастов самой многочисленной группой оказались дети. Как ни жутко, детские голоса не звенят. Дети стоят тенями, смотрят открытыми, всё понимающими глазами, думают, молчат… Старшие тихо разговаривают. Семейный лагерт смерти гетто – последнее пристанище перед обрывом, перед смертью. При всём осознании катастрофической близости конца, смертники в то же время должны ломать голову над ежедневной заботой – добыть каплю воды, кусок хлеба…”

За любое парушэнне рэжыму пагражала кара. Машына смерці працавала бесперапынна. З людзьмі распраўляліся без дай прычыны: меў не такое прозвішча ці мусіў узяць колькі паленаў, каб абагрэць хату з малымі дзецьмі, альбо проста не так паглядзеў на немца. З успамінаў Барыса Ліўшыца: “Единственное наказание для еврея – расстрел. Так мы поняли, что все мы смертны, что рано или поздно каждого ждёт расстрел”.

Жудасныя крыкі абудзілі наваколле раніцай 14 жніўня. Па вуліцы з енкам і плачам цягнулася калона небарак да ўскраіны Леніна, куды яшчэ ў чэрвені немцы прыганялі людзей з гета капаць яму. Будучая магіла атрымалася вялізнаю — звыш сто метраў даўжынёю і тры ў шырыню. У мясцовых жыхароў ад гэтай карціны варушыліся валасы на галаве. Перш чым расстраляць, жанчын, старых і дзяцей распраналі. Як потым расказвалі мясцовыя жыхары, “забітых засыпалі зямлёй, але кроў прасочвалася скрозь пясок, сцякала ў нізіну”…

У наступных карніцкіх акцыях фашысты знішчылі яшчэ больш за тысячу ленінцаў, не зважаючы на іх нацыянальнасць, спалілі царкву, касцёл і абедзьве сінагогі. У гонар ахвяр фашызму і герояў Вялікай Айчыннай у аграгарадку стаіць некалькі помнікаў. На месцы массавага расстрэлу яўрэяў у 1978 годзе з’явіўся мемарыял з валуноў, надпіс на якім ірве сэрца і сёння: “Люди добрые, помните! Мы любили жизнь, нашу Родину и вас, дорогие. Мы зверски убиты. Пусть ваша память сбережёт мир!”

Гісторыя адной фатаграфіі

Аб здзеках васьмідзесяцігадовай даўніны ў Леніне сведчыць гэты здымак, зроблены адным з немцаў. Негатыў аддаў на праяўку ў фотаатэлье, якое было ў мястэчку. Разам з Фейгай Лазебнік, што не пабаялася захаваць плёнку, ён трапіў у Канаду, а адтуль – у Ізраіль. Як указваецца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Жыткавіцкі раён”, у Ленін каштоўны фотадакумент пераслаў ураджэнец мястэчка М. Зайчык. Нават захавалася імя выразна бачнага на пярэднім плане чалавека. Файвель Цукровіч быў майстрам па пашыву галаўных убораў.

 

Святлана Шакалян

Фота Васіля Нямчэні

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.