У СШ №3 г. Жыткавічы імя І. Банава завяршаюць падрыхтоўку да вучэбнага года

У той час, калі многія ўжо адгулялі свой водпуск, тэхнічны персанал СШ №3 г. Жыткавічы імя І. Банава пра яго толькі марыць. Не паспеў у школе скончыцца аздараўленчы лагер, як тут прыступілі да рамонту.

У гулкіх калідорах дзе-нідзе сутарэнне вынесенай з класаў мэблі, паветра насычана пахам будоўлі. Першай кропкай нашага маршруту намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Ганна Дульская абрала спартыўную залу, па дарозе паведаміўшы, што гэта практычна апошні аб’ект падрыхтоўкі да новага навучальнага года.

– Большую частку запланаванага аб’ёму ўжо выканалі, – Ганна Адамаўна папярэджвае пра асцярожнасць на прыступках са свежаафарбаванымі парэнчамі. – У кожным з 46 кабінетаў абнавілі падлогу, сцены і столь. Па-за ўвагай не засталіся і реакрыацыі з калідорамі. Прывялі да ладу адкосы і панэлі ў тых пакоях, дзе нядаўна мянялі вокны.

Пазнаёміўшыся з Надзеяй Штукар і Аленай Шулякевіч, якія акуратна наносілі баскетбольна-валейбольную разметку, адпаўляемся на трэці паверх. Тут завяршала «азеляненне» лесвічнай пляцоўкі цэлая каманда. Жаночую кампанію разбаўляюць усяго два рабочых. Аляксандра Аргера і Алега Ката засталі за тынкаваннем. Свежым растворам мужчыны рэаніміравалі ўчастак за дзвярыма аднаго з ганкаў школы. Некалькі чалавек фарбавалі металічныя элементы парт. Усяго рамонтам заняты звыш 35 чалавек, уключаючы штат кухні. Здаецца, ва ўстанове не засталося паверхні, да якой не дакранулася б рука з пэндзлем.

– Першага верасня чакаем каля тысячы пяцідзесяці дзяцей, у тым ліку 120 першакласнікаў, – дырэктар найбуйнейшай школы раёна Ганна Друк упэўнена, што, як і ў мінулыя гады, вялікіх праблем з падрыхтоўкаю не будзе. – Каб прыняць такую вялікую колькасць вучняў, прыйшлося пацясніцца. Напрыклад, у кабінеце праваслаўнай культуры, што пераважна выкарыстоўваўся як музей, паставім парты, перапланавалі і пакой школьніка.

Традыцыйна крыніцамі фінансавання рамонтных работ з’яўляюцца пазабюджэтныя грошы, якія школа зарабіла на аказанні платных паслуг (дадатковых занятках па прадметах) і зборы другаснай сыравіны. Удзячна Ганна Кірылаўна за ахвяраванні бацькам выхаванцаў і шэфам. Першымі на просьбу аб дапамозе адгукнуліся акцыянерныя таварыствы «САТУРН-1» і ЖМЗ. У сябрах школы таксама значацца ААТ «Жыткавічыхімсервіс», лясгас і КУП «Жыткавіцкі камунальнік».

Дарэчы, некаторы ўнёсак у агульную справу зрабілі і вучні, якія далучыліся да праекта другаснай занятасці. Удзельнікі лагеру працы і адпачынку замянілі драўляныя элементы на 15 партах і 30 стулах, а яшчэ адрамантавалі дзве з паловай тысячы кніг са школьнай бібліятэкі.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.