З карысцю, цікава і здорава
Летні занятак
Уклад у летнюю занятасць непаўналетніх зробіць райкам БРСМ. Актывісты грамадскага аб’яднання займаюцца стварэннем студэнцкіх атрадаў.
Сёлета такіх фарміраванняў на канікулярны перыяд плануецца арганізаваць дзевяць. У іх склад уключаць 133 байцы. У ліпені амаль тры дзясяткі навучэнцаў Чырвоненскай сярэдняй школы і Чырванаборскага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў складзе двух экалагічных атрадаў прыйдуць на дапамогу Жыткавіцкаму лясгасу. Дарэчы, вясной у гэтым прадпрыемстве вельмі добра пашчыравалі выхаванцы Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя.
Цесныя стасункі ў райкама БРСМ нала-джаны і з сельгасвытворцамі, таму на перыяд уборкі адразу ў некалькі гаспадарак уладкуюць больш як паўсотні непаўналетніх. Маладзёжны дэсант з мясцовых школ стане рупіцца на дапрацоўцы зерня на збожжатаках акцыянернага таварыства “Людзяневічы”, камунальных сельгаспрадпрыемстваў “Бялёў” і “Коленскае”. Чакаюць юнакоў і дзяўчат і ў ААТ “Тураўшчына”. Іх задзейнічаюць на зборы яблыкаў. Падзарабіць змогуць і навучэнцы школ і гімназіі райцэнтра. У ліпені дзесяць чалавек прыме ААТ “Жыткавічыхімсервіс” на сваю ягадную плантацыю. Пяты год запар прадстаўляе працоўныя месцы непаўнагадовым кіраўніцтва ПМК-76. Сёлета ў ліпені-жніўні ў гэтай арганізацыі мяркуецца задзейнічаць 33 байцы з жыткавіцкіх устаноў адукацыі. Згаданыя арганізацыі дапамагаюць дзецям не толькі зарабіць свае першыя грошы, але і займаюць карыснай справай вольны час падлеткаў.
Сумна не будзе
Ва ўсіх установах культуры ў канікулярны час чакаюць падлеткаў. У кожным клубе і бібліятэцы для школьнікаў распрацавалі вялікія планы разнастайных мерапрыемстваў. Таму сумаваць хлопчыкам і дзяўчынкам не давядзецца.
Гульнявыя праграмы і пазнавальныя віктарыны і конкурсы, прагляд кінафільмаў і дыскатэкі, акцыі, скіраваныя на прафілактыку заганаў у маладзёжным асяроддзі, чытанне і абмеркаванне кніжак – гэта няпоўны пералік таго, што культработнікі намецілі для дзяцей на лета. Вялікая ўвага будзе нададзена і патрыятычнаму выхаванню падлеткаў. Што ні кажы, а наперадзе даволі знакавыя падзеі ў гісторыі краіны – Дзень Незалежнасці і гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Несумненна, што да гэтых дат абавязкова пройдуць тэматычныя мерапрыемствы з удзелам школьнікаў.
На час канікулаў спецыялісты культустаноў будуць трымаць цесную сувязь з педагогамі.Важкі акцэнт зробяць на тым, каб у актыўны і карысны адпачынак уцягнуць як мага большую колькасць дзяцей, асабліва тых, якім патрабуецца павышаная ўвага. Акрамя мерапрыемстваў, якіх у стацыянарных клубах запланавана на канікулах правесці прыкладна дзве з паловай тысячы, рабят забаўляць будуць і ў гульнявых пакоях. Тут юныя наведвальнікі змогуць пасапернічаць у шашках і шахматах, памаляваць, паскладаць мазаікі. А на свежым паветры паганяць мячык, паскакаць праз скакалку, паўдзельнічаць у іншых рухомых конкурсах. Займацца ў клубах і бібліятэках з непаўналетнімі будуць на працягу ўсяго дня, што зробіць адпачынак моладзі не толькі больш арганізаваным, але і бяспечным.
Лад здаровы
У дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе плануюць для заняткаў выкарыстаць усе наяўныя збудаванні.
У летні лагер трэнеры прымуць 170 дзяцей. Іх адпачынак пройдзе ў дзве змены: 110 у першую і 60 – у другую. Яго базай стане басейн і стадыён. Дзесяць навучэнцаў будуць размяшчацца ў аграгарадку Людзяневічы. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі працягнуць трэніравацца, удзельнічаць у атрадных і міжатрадных спаборніцтвах, педагогі ДЮСШ падрыхтавалі і вялікую культурную праграму, якая ўключае наведванне кінатэатра, экскурсіі па знакавых мясцінах нашага раёна і іншых рэгіёнаў краіны. Прадугледжана ў спартыўным лагеры для выхаванцаў і трохразовае харчаванне. Адным словам, юныя атлеты змогуць не толькі падтрымліваць сваю спартыўную форму, а і значна пашырыць кругагляд.
кстати
Шесть проектов вторичной занятости учащихся организуют нынешним летом в районе. Из государственного внебюджетного фонда социальной защиты населения на эти цели выделено 24 тысячи рублей. Планируется, что временную работу в июне получат 180 ребят из гимназии, Червоненской, Житковичских СШ №1, 2, 3 и лицея. Школьники будут в своих учреждениях ремонтировать мебель и книги, а лицеисты – изготавливать информационные стенды.