Трэба і жыццё прайсці, як поле…

Жыццёвае поле, з дзіцячых гадоў поўнае цяжару і выпрабаванняў, давялося прайсці маім цікавым субяседніцам, сёстрам Красыні Мамедавай і Паліне Сачыловіч.

Першая нарадзілася ў 1937-ым, другая – ў 1940-ым. Бацька іх, Іван Давідовіч, працаваў прадаўцом на вёсцы. А самі, сям’я, жылі на хутары.

– Паважаным быў чалавекам, – прыгадвае Красыня Іванаўна. – Памятаю, як нарадзілася сястра. Бацька так радаваўся. Аднак у хуткім часе яго забралі на вучэнне. Адтуль ён ужо не вярнуўся. І толькі пасля вайны прыйшла пахаронка, што прапаў без вестак. А маці чакала яго ўсю вайну, з надзеяй, што недзе ваюе.

Упершыню Красыня Іванаўна ўбачыла немцаў, калі тыя ў пошуках партызан прыйшлі да іх у хату.

– У мяне на нагах былі новыя баціначкі, і я іх хутка зняла, баялася, што адбяруць, а тое, што могуць на снег выкінуць босай і не дадумалася. А  ўжо праз тыдзень пачалася аблава, – працягвае жанчына. — У той дзень, 15 лютага, на свята, маці запрэгла каня, пасадзіла нас з Палінай і рушыла да сваякоў на хутар. Там мы даведаліся, што трэба ратавацца – немцы паляць людзей. Маці хутка села на воз і павярнула ў вёску – ратаваць сваё дабро: швейную машыну. На шчасце, па дарозе яе сустрэлі партызаны, ім патрэбен быў конь. Таму і маці падалася з імі. А наш дзядзька са словамі: «не хочу, каб у маёй хаце былі чужыя косці, будзем ратавацца» таксама падаўся ўглыб пушчы. Красыня папрасіла, каб на воз пасадзілі Паўлінку, яна ж маленькая, а я вялікая – пешшу пайду. Колькі за гэтыя суткі давялося перажыць маці – адзін Бог ведае. Яна ўжо і не спадзявалася нас убачыць. Аднак на наступны дзень ёй падказалі, дзе хаваецца сваяк з яе дзецьмі. Там, у лесе і засталіся, бо вяртацца не было куды – усё спалена. Разам з намі знаходзіліся яшчэ некалькі сямей. Пабудавалі курані і неяк дажылі да вясны. Старэйшыя хадзілі на папялішчы і знаходзілі сякі-такі харч.

Увесну варылі мерзлую бульбу, атрымоўвалася нешта падобнае на кісель. Заціскалі нос, каб не чуць пах, і елі. Так і выжылі. Аднойчы маці паслала назбіраць сухастою для вогнішча. Я калаціла дрэвы, каб падала ламачча. І адна галінка ўдарыла Паўлінку па носе. Тая залілася крывёю, а я падумала, што яна ўжо не зможа жаваць гэтую ванючую бульбу.

Аднак ужо ўвечары папрасіла есці. На наступную зіму перабраліся да дзеда. Зямлянка яго была з круглякоў, па-свойму цёплая і ўтульная, як нам тады здавалася. Маці шчыравала і на полі, і ў лесе: сама касіла, арала, баранавала. І калі прыйшоў да яе сватацца ўдавец з Бярэзнікаў, наша баба замуж яе не пусціла, бо ў таго было пяцёра сыноў. Ужо ў 1950 годзе маму пазваў Антон Сачыловіч. Тут ужо бацькі самі адправілі, са словамі «дакуль ужо будзеш адна гараваць». Антон Кірэевіч стаў для нас татам. Пазней нарадзіліся яшчэ брат і дзве сястры.

У 60-х гадах дарогі сясцёр разышліся. Красыня разам з іншымі дзяўчатамі падалася ў Казахстан – асвойваць цалінныя землі. Звала і Паліну, але тая пабаялася. І хоць маці не пускала, Красыня паехала «у свет». Там сустрэлася з такім жа завербаваным узбекам, Гашамам Мамедавым.  Пажаніліся.  І нарадзілася ў іх шасцёра дзяцей. Старэйшая дачка, Валянціна, штогод наведвала бабулю. Тут, на радзіме маці і спаткала свой лёс. А на старасці гадоў і маці пацягнула на радзіму, куды яна з мужам і малодшай дачкой Надзяй вярнулася на пачатку 2000-х.

А Паліна Іванаўна пасля заканчэння шасцігодкі пайшла ў саўгас. Грошай там не давалі, рабілі на працадні. У хаце цукар быў толькі для аладак. Таму праз кароткі час папрасілася ў падсочку, збіраць жывіцу: там плацілі і давалі паёк: муку і цукар. У 19 гадоў пайшла замуж у Новыя Мілевічы. Але праз два гады вярнулася з мужам у Мілевічы. Будаваліся з нуля. Цяжка і непасільна працавалі. Але ж і дзяцей нараджалі. У Паліны Іванаўны, як і ў сястры, іх таксама шасцёра.

Зараз жанчыны сустракаюцца амаль штодня. Прыгадваюць былое, гавораць аб тым, што хвалюе і шкадуюць: вельмі хутка прайшлі гады, так добра зараз жыць, аднак няма калі!

Валянціна Емельяновіч,

в. Мілевічы

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.