Аграрыі раёна актыўна вядуць “зялёнае жніво”
Надвор’е з пачатку чэрвеня як найлепш спрыяла аграрыям раёна весці “зялёнае жніво”. З максімальнай карысцю гэтым скарысталіся працаўнікі КСУПа “Бялёў”. Яны літаральна за тыдзень скасілі і прыбралі травы першага ўкосу на сваіх угоддзях.
— Плошча сенажацяў у нас невялікая. Усяго прыкладна дзве з паловай сотні гектараў, — расказвае дырэктар гаспадаркі Аляксандр Талмачовец. — З улікам пагодных умоў прынята рашэнне назапашваць з іх сена. Цяпер маем яго больш як сотню тон.
За гэтым паказчыкам нястомная праца мясцовых механізатараў. Нібы брытвай зрэзаў травы на лугах Аляксандр Гаўрылаў. Шыроказахопнай касілкай у счэпе з комплексам “Палессе” ён штодзённа выконваў даручаную работу на трыццаці і болей гектарах. Далей ў працу ўключаліся сонца і вецер, а таксама калегі Гаўрылава. Каб трава хутчэй правяльвалася, яе граблямі пастаянна падварушваў Леанід Чарнагалоў, а прасавалі Сяргей Савіч і Мікалай Чэркас. Дарэчы, Аляксандр адзін з першых у раёне вывеў на сенажаці замацаваны за ім кормаздабываючы агрэгат. Пакуль падрастала трава, ён забяспечыў уборку ста гектараў свірэпіцы на сянаж, якога ў траншэю паклалі больш за паўтысячы тон. Механізатар і зараз не сядзіць без справы. Яго касілка кожнага дня стракоча на сенажацях суседняй гаспадаркі, КСУПа “Чырвоны Бор”. І не меней плённа.
— Трава сёлета добрая вырасла, — расказвае корманарыхтоўшчык, — але варта быць вельмі абачлівым, каб не “пасадзіць” камбаін, бо маецца шмат участкаў вельмі пераўвільготненых. Што не кажы, а на тарфяніку працуем.
— Тут нам выдзелілі сенакос для нарыхтоўкі сенажу, — тлумачыць такі манёўр Аляксандр Талмачовец. — Канечне, далекавата ад нашых фермаў. Але ўсё ж лепей мець уласны корм, чым потым касіць дугой зімою.
Гэта добра разумее Аляксандр Гаўрылаў. Таму за першы дзень работы падрыхтаваў ладны ўчастак для дзейнасці кормаздабываючага атрада свайго сельгаспрадпрыемства. У яго складзе КВК-800 і некалькі адзінак машын і трактароў на адвозцы. Здрабняе масу Аляксандр Макарэвіч. Не раз даказваў гэты спецыяліст, што з любой работай ён справіцца на выдатна. Вось і зараз у яго руках магутны кормаздабываючы комплекс бесперапынна прапускае праз сваё нутро падвяленыя валкі, выдаючы з “хобата” пругкія струмені “зялёнкі” ў кузавы транспарту. Праца наладжана. Штодня ў траншэі паступае сотня і болей тон здробненай травы. У Ксупе “бялёў”, як запэўніла кіраўніцтва гаспадаркі, імкнуцца працаваць на корманарыхтоўцы тэхналагічна. Задача стаіць адназначная: мець не толькі на зіму дастатковую колькасць корму, але і забяспечыць яго высокую якасць.
Сяргей Белка