Падмурак для перапрацоўшчыкаў

Земляробы акцыянернага таварыства «Тураўшчына» шчыруюць на веснавых палетках без выхадных. У гаспадарцы сеюць кукурузу на корм грамадскаму статку, садзяць бульбу, а таксама клапоцяцца, каб кансервавы камбінат на будучае быў забяспечаны сыравінай.

Як вядома, асноўная прадукцыя тураўскіх перапрацоў-шчыкаў – зялёны гарошак і салодкая кукуруза. Першай культурай ужо засеяна 285 гектараў, другой – 86 га. Па словах галоўнага агранома Міхаіла Блоцкага, сыравінная база ствараецца паэтапна. Зараз, напрыклад, тэхніка працуе на сяўбе салодкай кукурузы.

– У планах пасеяць яе на 130 гектарах, каб у поўным аб’ёме забяспечыць кансервавую вытворчасць, – расказвае Міхаіл Іванавіч. – Канечне, радуе, што на трэць плошчы да санкцый удалося прыдбаць насенне французкай селекцыі, якое ў нас сябе добра зарэкамендавала. Недастаючы пасяўны матэрыял закуплены ў Турцыі. Гэта не палохае. Гады тры назад мы ўжо працавалі з ім, і смакавыя кандыцыі  вырашчанага ўраджаю нас задаволілі. Спадзяюся, што і сёлета ўсё атрымаецца найлепшым чынам.

Народная прымаўка сведчыць: як пасееш, так і пажнеш. Спецыялістам ААТ гэта добра вядома. Таму заштукоўваць, дарэчы, нетаннае насенне культуры даверана вопытнаму механізатару Івану Жылану.  Яго малая радзіма – аграгарадок Верасніца. Пра такіх кажуць:  выйшаў з патомных хлебаробаў. Прадзеды і дзяды, бацька Івана Іванавіча  абраблялі гэтую зямлю. Амаль тры дзесяцігоддзі свайго жыцця пачэснай справе прысвяціў і ён.  Яго партрэт нядаўна ўпрыгожваў Дошку гонару сельгаспрадпрыемства.

– Нялёгкая ў вяскоўцаў работа, але ж некаму і яе патрэбна выконваць. Не шкадую, што гэты цяжар сялянскіх клопатаў, столькі гадоў ляжаць на маіх плячах. Галоўнае, прыходзіць на працу ў добрым настроі, тады і атрымлівацца будзе ўсе выдатна, – разважае Іван Іванавіч.

Жылан ведае даручаную справу да драбніц. Гэта бачна, як упэўнена і роўна ён кіруе трактарам з сеялкай на палетку, наколькі якасна заштукоўвае насенне ў глебу. Недасведчанаму чалавеку на першы погляд здаецца, быццам нічога складанага. Поле роўненькае, нібы паверхня стала. Механізатар на ўсё глядзіць па-іншаму:

– Перадпасяўная апрацоўка глебы праведзена належна, але раней тут былі людскія соткі.  Як ні стараліся, а поўнасцю справіцца з разорамі не ўдалося. У такіх месцах схібіць можна на раз-два. Таму напружваешся, каб не павяло сеялку ў бок. Кожны радок павінен правесці, нібы пад шнурок.  Пры такім раскладзе пазней і апрацоўкі пасеваў лягчэй выконваць.

Майстэрства Івана Жылана і ў тым, што яго трактар і сеялка ўжо адслужылі больш за десяць гадоў. Але і цяпер яны ў страі. Дбайнасць у адносінах да тэхнікі – яшчэ адна станоўчая рыса ў характары земляроба. Справіцца з задачай ён мяркуе ў адведзеныя агранамічнай службай тэрміны. Работы на тыдні два. Адным словам, цяперашнім стараннем Жылан забяспечвае працай калектыў Тураўскага кансервавага камбіната на некалькі месяцаў. Падмурак паспяховай дзейнасці восенню і закладвае механізатар зараз у полі.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.