На палетках лад
Вынікова працуюць на веснавых палетках у камунальным сельгаспрадпрыемстве «Бялёў».
Пакуль дабіраліся з дырэктарам гаспадаркі Аляксандрам Талмачоўцам да поля, дзе вялася сяўба ярыны, кіраўнік падрабязна расказаў пра планы кампаніі:
– Сяўбы ў нас няшмат: усяго тры дзясяткі гектараў ранніх каласавых і паўсотні – зернебабовых. Работы на дні тры, тым больш што гэтай справай заняты вопытны і старанны механізатар Аляксандр Брынявец.
Апошні, нібы чуў дырэктарскую пахвалу, бо калі аўтамашына Аляксандра Леанідавіча спынілася на ўскрайку поля, рабіў апошнія развароты на загоне, каб дасеяць яго яравым трыцікале.
Андрэй Міхайлавіч – мужчына негаваркі. Сваю працавітасць больш прывык падмацоўваць не словамі, а справай. Нездарма не адзін год ходзіць у перадавіках.
– Настрой добры, – дзеліцца эмоцыямі механізатар. – Глебу калегі падрыхтавалі цудоўна, таму і праца спорыцца. Сяўбу завяршу ў адведзеныя тэрміны.
У КСУПе вядуць не толькі сяўбу, але і іншыя палявыя работы. Анатоль Макарэвіч падкормлівае мінеральнымі ўгнаеннямі азіміну і травы. Ужо выканаў заданне на паўтысячы гектарах. Генадзь Галавач і Максім Савіч аруць і рыхтуюць глебу пад кукурузу. Яна сёлета размесціцца амаль на тысячы гектарах. Дарэчы, кожны з іх атрымаў добрую запраўку арганікай, якой унесена 17 тысяч тон. У сельгаспрадпрыемстве ўзяты бягучай вясной добры старт, пра што сведчыць грунтоўная падрыхтоўка, якую мясцовыя спецыялісты правялі восенню і зімой. У прыватнасці, узнялі зябліва, назапасілі насенне, падрыхтавалі тэхніку. Хапае тукаў і паліва.
Сяргей Белка