Добрыя справы талакой
На Гомельшчыне праводзіцца суботнік. Напярэдадні мерапрыемства карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў раёна, дзе б яны прыклалі свае намаганні, каб грамадой прынесці больш карысці малой радзіме.
Наталля Ахрамовіч, в. Грэбень:
— Прыйшла вясна, а гэта час прыборкі. Таму ўсе высілкі варта засяродзіць на навядзенні чысціні і парадку. На маю думку, кожны вясковец у першую чаргу павінен паклапаціцца пра гэта ля ўласных сядзіб і падворкаў. Канечне, хапае працы і ў грамадскіх месцах. Вось там і патрэбна дапамога талакі. Сама ў такой неабходнай дзейнасці абавязкова прыму ўдзел і іншых заклікаю. Толькі разам мы можам зрабіць сваю вёску больш прыгожай.
Уладзімір Мякота, г. Тураў:
— За апошні час у маім паселішчы значна пабольшала парадку. Стараецца і мясцовая ўлада, і камунальшчыкі. Напрыклад, нядаўна абсталявалі месцы збору смецця на могілках, правялі там вялікую працу па добраўпарадкаванні. Разам з тым, лічу, што і на суботніку знойдзецца для жыхароў Турава шмат справы. І агульныя намаганні патрэбна скіраваць, каб прыбраць прыбрэжныя мясціны і акраіны горада.
Вольга Шаламіцкая, г. Жыткавічы:
— У райцэнтры яшчэ маецца нямала тэрыторый, дзе варта б было папрацаваць талакой, каб зрабіць іх выгляд прывабнейшым. Штодзённа перахожу чыгунку і бачу, колькі смецця там пакідаюць прахожыя. Хаця восенню тут не раз праводзілі генеральную ўборку работнікі арганізацый. Спадзяюся, што на суботніку хібы ўхіляць, але хочацца, каб гараджане больш паважліва адносіліся да працы дзеля іх карысці і не смяцілі.
Анатоль Давідовіч, агр. Сяменча:
— Я пенсіянер і рэдка дзе бываю. На маю думку, на суботніках у нашым паселішчы варта папрацаваць над добраўпарадкаваннем зоны адпачынку. Прыбраць парк, паставіць там лавачкі. Яшчэ адзін аб’ект, які пастаянна патрабуе клапатлівых рук жыхароў, мясцовыя могілкі. Спадзяюся, што такія ініцыятывы людзі ахвотна падтрымаюць .
Сяргей Белка