Разлік на ўласныя сілы

Кажуць, машынны двор – сэрца гаспадаркі. Таму нядзіўна, што ад зладжанага рытму яго дзейнасці залежаць поспехі ва ўсіх справах вяскоўцаў. Менавіта тэхнічная  падрыхтаванасць да палявых работ зараз знаходзіцца ў ліку прыярытэтных задач для працаўнікоў КСУПа “Коленскае”.

Тое, што мясцовыя майстры старанна рупяцца ля машын і агрэгатаў, заўважаеш адразу, як толькі ступаеш на тэрыторыю структурнага падраздзялення.   У агульным радзе тэхнікі, якая расcтаўленая на пляцоўках паводле прызначэння,  у асобных яе адзінках адкінуты кузавы і капоты, пад якімі завіхаюцца механізатары і шафёры.

— Тут у асноўным праводзіцца бягучы рамонт і перадрэйсавае абслугоўванне, — тлумачыць выконваючы абавязкі кіраўніка Валянцін Пяшэвіч. — Асноўныя аб’ёмы ўзнаўляюцца ў майстэрні.

Валянцін Васільевіч запрасіў наведацца на згаданы ім аб’ект. Там на  той час знаходзілася некалькі энерганасычаных трактароў і дыскі. У памяшканні цёпла і светла, таму праца не спыняецца  і ў самыя лютыя маразы.

— І такая напоўненасць тэхнікай цэха назіраецца ўсю зіму, — расказвае Валянцін Пяшэвіч. — Сёлета значна лепей ідзе фінансаванне, таму і вынікі адпаведныя. Грашовую падтрымку атрымалі на падрыхтоўку кормараздатчыкаў, пагрузчыкаў. Нядаўна праплацілі на набыццё гумы для колаў і тэхнічнае абслугоўванне трактароў.

Традыцыйна ў гаспадарцы, каб своечасова справіцца з рамонтамі, ствараецца моцнае спецыялізаванае звяно, у састаў якога ўключаюцца слесары, зваршчык, токар, якія маюць неабходнае абсталяванне. Зараз на адказным участку вытворчасці шчыруюць Вадзім Даўгулевец, Уладзімір Ханеня, Ігар Хільман, Сяргей Шчакатовіч і Аляксей Налівайка. Усе яны вопытныя і спрактыкаваныя спецыялісты. Разам з імі набіраецца прафесіяналізму і Міхаіл Шакалян (на здымку). Ён студэнт Пінскага каледжа машынабудавання. У КСУПе “Коленскае”, а юнак ураджэнец гэтых мясцін, праходзіць вытворчую практыку, дапамагае землякам з рамонтам.

— Другі год у гаспадарцы набываю практычныя навыкі па будучай прафесіі, — расказвае Міхаіл Канстанцінавіч. — Усё задавальняе, таму пасля заканчэння навучальнай установы да прызыву ў армію абавязкова вярнуся ў сельгаспрадпрыемства.

Механізатары не застаюцца ў баку ад агульнай справы. Кожны з іх завіхаецца  ля замацаванай за ім тэхнікі разам са згаданымі спецыялістамі.

— Такая арганізацыя работы  дазваляе дабівацца высокай якасці. Хто ж будзе працаваць сабе на шкоду, каб потым з-за ўласнай неахайнасці прастойваць у гарачы час у полі, — заключае выконваючы абавязкі дырэктара. — Таму старанне праяўляюць належнае, а гэта станоўча адбіваецца на тэмпах.

На цяперашні час ў камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” на лінейцы гатоўнасці ўжо знаходзіцца восемдзясят працэнтаў глебаапрацоўчых агрэгатаў, раскідвальнікаў мінеральных і арганічных угнаенняў, шэсцьдзясят пасяўных машын і трактароў. Канечне, пэўную частку з іх рыхтавалі і ў абслугоўваючых арганізацыях. Напрыклад, у Мазырскім агратэхсервісе —  пагрузчык, у Жыткавіцкім — трактар і  пасяўныя машыны, на Гомельскім маторарамонтным —рухавік.

Увогуле належнае стаўленне да тэхнічнай базы дазваляе працаўнікам камунальнага сельгаспрадпрыемства “Коленскае” не толькі вынікова спраўляцца з пастаўленымі задачамі на ўласных палетках і фермах, але і аказваць істотную дапамогу іншым гаспадаркам рэгіёна.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.