«КНІГА Ў ДАР: добрая справа ад шчырага сэрца»
Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» аб’явіла аб правядзенні міжнароднай акцыі «Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца».
Абласная пісьменніцкая арганізацыя на працягу апошняга дзесяцігоддзя пастаянна звярталася да нераўнадушных людзей, якія маюць рэдкія для сённяшняга дня рысы характару – умеюць дарыць іншым радасць ад сустрэчы з добрай кнігай і робяць гэта абсалютна дабравольна, па клічу душы. Перададзеныя пісьменнікамі і звычайнымі людзьмі кнігі, як новыя, так і карыстаныя, у сваю чаргу, перадаваліся ў аддаленыя ад буйных цэнтраў вясковыя, ведамасныя бібліятэкі розных устаноў для папаўнення іх кніжных фондаў. З такой жа мэтай штогод праходзіць на Гомельшчыне і акцыя па зборы праваслаўных выданняў, якая ажыццяўляецца сумесна аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гомельскай епархіяй. У гэтым годзе абласная пісьменніцкая арганізацыя таксама не адмовілася ад усталяванай вельмі добрай традыцыі.
– Сёлета на Гомельшчыне адбудзецца шмат літаратурных падзей, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага характару: у першыя выхадныя верасня XXIX Дзень беларускага пісьменства прыме старажытны Добруш, а яму будуць папярэднічаць XХVII Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» ў Гомелі і IV рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» у Жыткавічах, Тураве і Мазыры, – адзначыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. – Абласная пісьменніцкая суполка ў ліку запланаваных шматлікіх творчых мерапрыемстваў, акцый, літаратурных конкурсаў, якія будуць праводзіцца на працягу года і непасрэдна ў час гэтых значных культурных падзей як у жыцці краіны, так і, безумоўна, Гомельшчыны, пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і сваіх партнёраў – абласных і краявых арганізацый Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза пісьменннікаў Украіны, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, вырашыла правесці міжнародную акцыю «Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца».
Сутнасць яе заключаецца ў тым, як адзначыў суразмоўца, каб сучасныя літаратары Беларусі, Расіі і Украіны (дарэчы, далучыцца могуць і літаратары іншых краін) зрабілі персанальны кніжны падарунак з аўтографам-пажаданнем адразу дзвюм цэнтралізаваным бібліятэчным сістэмам рэгіёна – Добрушскай (Добруш – сталіца чарговага Дня беларускага пісьменства), а таксама Жыткавіцкай (месца традыцыйнага правядзення літаратурнага фестываля «На зямлі Кірылы Тураўскага»; менавіта ў старажытным Тураве, на Жыткаўшчыне, нарадзіўся агульнаславянскі і беларускі асветнік, пісьменнік Кірыла Тураўскі).
– Зараз мастацкія кнігі каштуюць дорага, таму не кожны з нас мае магчымасць іх набываць у краме, а чытацкі інтарэс да навінак паэзіі, прозы, літаратурнага краязнаўства і іншых мастацкіх найперш жанраў пачынае значна ўзрастаць. На жаль, асабліва ў рэгіёнах, у сельскіх бібліятэках, кніжныя фонды не дастаткова хутка аднаўляюцца, – зазначае Уладзімір Гаўрыловіч. – Таму мы і вырашылі звярнуцца да ўсіх нераўнадушных пісьменнікаў нашай краіны і нашым сябрам па пяры з іншых краін зрабіць у 2022 годзе самы найлепшы падарунак палескім чытачам – падараваць Жыткавіцкай і Добрушскай цэнтральным раённым бібліятэкам і, адпаведна, іх філіялам, свае новыя творы з цёплым аўтографам-пажаданнем.
Дарэчы, пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны гэтаксама ажыццяўляе збор кніг на рускай мове народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа (пажадана з арыгінальнымі прыжыццёвымі аўтографамі аўтара) для папаўнення фондаў Пятрушынскай муніцыпальнай бібліятэкі імя І.П. Мележа Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці і размешчанага на яе базе этнаграфічна-мемарыяльнага пакоя класіка беларускай літаратуры (быў адкрыты намаганнямі гомельскіх і растоўскіх пісьменнікаў, музейных работнікаў-хайнічан у дзень 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі ў 2021 годзе).
Як плануецца, сабраныя абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выданні (кніжныя падарункі аўтарам, якія пражываюць у сталіцы, можна пакінуць непасрэдна ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі для абласнога аддзялення СПБ, перадаць любому актывісту абласнога аддзялення ГА «СПБ» альбо пераслаць па пошце на адрас аддзялення: 246028, г. Гомель, вул. Савецкая, 126, офіс 400) будуць урачыста перададзены бібліятэчным установам у час правядзення фестываляў і свят у верасні 2022 года.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ